СКАЖЫЦЕ “А-А-А”

Толькі тупарылыя выкарыстоўваюць белмову, каб паразмазваць соплі пра лёс гаротнай абстрактнай Айчыны. Тыя, хто зьняў з ручніка, дакладна ведаюць, што юзаць матчыну мову могуць толькі нязломкі. Менавіта такія на наезд "ты со мной по-русски разговаривай!" адказваюць тычынай у лыч. Па жыцьці яны кіруюцца запаветам клясыка Францішка Багушэвіча: "Не пратупіце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрла!"Архіварыюсы мэдунівэру хутчэй за ўсё не зафіксуюць учынак, які лёг у падмурак гэтага матэрыялу. А дарма: студэнты 335-й групы мэдычнага ўнівэрсытэту зрабілі тое, што рэальна можна лічыць дасягненьнем. Хаця б таму, што іншым - слабо. Усяго толькі і справаў: чатыры студэнткі аднойчы вырашылі, што хочуць і будуць атрымліваць адукацыю на белмове. А ўсе нязгодныя - пайшлі ў дупу!

Адкуль такія?

Вольга Базык родам з Лунінца. У мэдінстытут марыла трапіць даўно, таму ішла да гэтага мэтанакіравана. Вучылася ў ліцэі, у якім само сабой вызначылася: хочаш быць дзялком - будзь ім.

"У нас былі супэрадносіны ў ліцэі, у клясе, бо сабраліся прыкольныя людзі. Таму атмасфэра, нягледзячы на строгую дырэктарку, была асаблівая. Паўсюль адчувалася свабода, - адказвае Оля на закінутае пытаньне "дзе шукаць карані жаданьня размаўляць на белмове?" - Атрымліваецца, я яшчэ зь ліцэю прызвычаілася рабіць усё адпаведна сваім жаданьням і мэтам".

І тут жа фонам, сьціпленька так прасьлізвае адна love story, фігурантам якой стаў напраўду прыстойны хлопец. Бо гэта ж як трэба пераставіць дзяўчыне мазгі, каб на ўсё астатняе жыцьцё яна мову зьмяніла!

Кася Крот фанаценьнем па белмове не адрозьнівалася, хаця ёй і падабалася, калі нехта размаўляў на матчынай. У прыватнасьці, выкладчыкі роднай маладзечанскай гімназіі: "Яны былі насамрэч профі, да некаторых вельмі хацелася быць падобнай".

Менск і ўнівэр сталі для Касі павялічанай і палепшанай копіяй таго, што было ў дзясятай -адзінаццатай клясе: сьпевы пад гітару ператварыліся ў рэальныя тусы, знаёмцы хутка набылі статус сяброў - і закруцілася "дзьвіжуха". "Тое, пра што я марыла раней, стала звычайнай справай," - кажа Кася.

Ня будзем называць гэта "выпендрыцца": жаданьне выдзеліць з шэрагу іншых "я" сваё ўласнае - абсалютна здаровае. І наўрад ці гэта можна назваць прыхамацьцю лімітчыц.

Зборкі і разборкі

Чатыры студэнткі 335-й групы вырашылі вучыцца на белмове, лічыце, спантанна Нехта даведаўся ад некага на катэдры беларускай філялёгіі, што студэнты мэду абсалютна спакойна могуць вучыцца на роднай мове. Для гэтага трэба: 1) захацець, 2) сабраць дзесяць такіх жа, і 3) ...усё. Прынамсі, тады здавалася, што "ўсё". Галоўная ўмова, якую дэканат паставіў перад першакурсьнікамі, - назьбіраць цэлую групу. У мэдзе гэта 10 чалавек.

Дзяўчыны пачалі дзеля прыколу займацца тым, што хадзілі і агітавалі за белмову ў духу "рабі з намі, рабі як мы, рабі лепей за нас!" Сам працэс Оля і Кася называюць бытавым геройствам. Уявіце: адтупаць па аўдыторыях мэду і паглядзець у вочы студэнтам усіх трыццаці пяці групаў курсу (365 чал.), выслухаць усё - ад "уаў, супэр!" да "прыдуркаватыя нейкія..." - гэта трэба мець як мінімум моцныя нэрвы. "Заходзіш у аўдыторыю і адразу бачыш, якія ўзаемаадносіны ў групе. Часам мы адчувалі сябе такім рэнтгенам: адчыняеш дзьверы ў кабінэт, кажаш, што табе трэба, - і адразу ўсё высьвечваецца. Хто тут самы "круты", а хто так, "шасьцёрка", - расказвае Кася.

Так чацьвёрка "дайшла" да іншага факу. І там зафанацелі амаль усе. Але калі Оля прапанавала новым фэнам пайсьці па факах разам, тыя чамусьці здуліся.

У выніку "зборак" вучыцца на белмове выказалі жаданьне 18 чалавек. Але за зборкамі пайшлі разборкі: "Некаторых проста задзяўбала хадзіць па дэканах і кожнаму даказваць: "Так, мы, у цьвярозай памяці і здаровым розуме, хочам вучыцца на белмове", - тлумачыць Вольга. Уся гэтая цяганіна доўжылася амаль год, палову першага і палову другога курсаў. У рэшце рэшт засталіся самыя стойкія дзесяць чалавек.

Пасьля зімовай сэсіі другога курсу афіцыйна пачалося доўгачаканае навучаньне першай і адзінай у мэдзе белмоўнай групы.

Тут і зараз

Што такое "навучаньне на беларускай мове ў БДМУ"? З боку студэнтаў - вусныя адказы, кантрольныя і курсачы на белмове. З боку выкладчыкаў - лекцыі і практычныя як атрымаецца. Але студэнты 335-й групы ўсё адно наперадзе плянэты ўсёй: іх вучоба ператварылася ў практычны дапаможнік па real life, у якім альбо ты, альбо цябе.

Дагэтуль адна выкладчыца, якая зафанацела па белмове праз нашых герояў, адмыслова рыхтуецца да кожнай лекцыі і складае для сябе, а заадно і для судэнтаў слоўнічак на матчынай. "Часам нават сорамна бывае, што канспэкту ў вочы ня бачылі. Блін, а яна ж так рыхтавалася!" - кажа Кася.

Зь іншага боку, ад сустрэчы з маральнымі вырадкамі таксама ніхто застрахаваць ня можа. Ёсьць у мэдзе адзін выкладчык, які паталягічна не пераварвае 335-ю групу. Калі ён чытаў лекцыі і вёў у іх практычныя - гэта было нешта зь нечым. "Казёл знарок усіх нашых валіў, фігню нейкую пра нас казаў, увесь ажно калаціўся ад нянавісьці. Карацей, псых. Але на гэтым усе ягоныя коні і сканчваліся,- гаворыць Вольга. - Што зь яго ўзяць, калі чувак проста не даяжджае: па-расейску нам размаўляць складана. Не разумееш - фіг з табой! Па шчырасьці, мы ўвогуле русмовай не карыстаемся".

Пара загонаў

Самым складаным для іх было зрабіць першы крок: паўсюль і з усімі размаўляць па-беларуску. Ня скурвіцца і не пачаць з бацькамі і лепшымі сябрамі трындзець па-расейску - гэта насамрэч вельмі складана. Але калі падумаць, то чым вам ня добрая нагода пачаць іншае жыцьцё?

Тое, што самыя блізкія не прамінуць цябе пхнуць - вось да чаго рыхтуйцеся! У Касi так спачатку атрымалася з бацькамi, што глядзелі на дачку дзікімі вачыма, і зь лепшай сяброўкай, якая наагул заявіла: "Не размаўляй са мною на белмове, я не магу цябе такою ўспрымаць".

І нічога: празь нейкі час яны ўсе супакоiлiся, прызвычаiлiся i сьцiхлi. Псыхолягi тлумачаць такую рэакцыю несупадзеньнем унутраных настрояў: ты ведаеш і можаш больш, чым яны, таму іх абурэньне і псыхі зьяўляюцца натуральнымі. Каму хочацца лiчыць сябе тупым уломкам, ня здольным нават размаўляць на роднай, як бы хто ні хацеў, мове?

Унутраная свабода - і ты сам становішся свабодным чалавекам. "Ты не залежыш ад меркаваньняў іншых, ад нейкіх тупых умоўнасьцяў. На людзей, якія гучна сьмяюцца на вуліцы, у нас азіраюцца - "больные". Усё, выбачайце, наадварот, - кажа Вольга. - Тыя, што сьмяюцца і не баяцца поглядаў, і ёсьць нармальныя".

І сканчвае - патасна, але па тэме: "Для мяне важныя меркаваньні тых людзей, якіх я люблю і паважаю. Астатнія - нафіг!"

DO IT YOURSELF

У прыватнасьці, мэдыцына размаўляе на сучаснай беларускай мове з пачатку мінулага стагодзьдзя. У 1920-40-х гадах на матчынай выходзіла багата падручнікаў па шмат якіх мэдычных дысцыплінах - па адным толькі "Вуха-горла-носе" ёсьць тры тамы.

Студэнтам 335-й групы зараз добра дапамагае перакладны слоўнік, падрыхтаваны іншымі героямі белмовы, што навучаліся ў мэдзе гадоў дзесяць таму. Тады студэнты наагул вырашылі: ах, няма белмоўных падручнікаў і слоўнікаў? Добра, зараз будуць! І самі цягам некалькіх год займаліся распрацоўкай і перакладам мэдычнай тэрміналёгіі на родны language.

Сярых Лёша

CD, Студэнцкая Думка, 2004 - № 5

Рубрыкі: Матэрыялы, Студэнцкія старонкі Тэгі: , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.