Беларуская мова ў медычнай адукацыі

Дзянісаў Сяргей Дзмiтрыевiч, прафесар, заг. кафедры нармальнай анатомii, першы прарэктар БДМУ, Ярашэвіч Станiслаў Пятровiч, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры нармальнай анатоміі БДМУ

БМЖ, 2004 - № 1

Станаўленне беларускамоўнага выкладання на медыцынскім факультэце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і ў створаным на яго аснове медыцынскім інстытуце прыпадае на 20-30-я і 90-я гады мінулага стагоддзя. Пачатак беларускамоўнага выкладання на медыцынскім факультэце БДУ звязаны з правядзеннем дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. У дачыненні да медфака беларусізацыя мела на мэце ўсталяванне вядзення на беларускай мове справаводства, гісторый хваробаў, авалодванне беларускай мовай выкладчыкамі і студэнтамі, перавод выкладання на беларускую мову, падрыхтоўку мясцовых кадраў выкладчыкаў, далучэнне супрацоўнікаў інстытута да даследавання пашыраных на Беларусі захворванняў. Найперш кіраўніцтвам БДУ прымаюцца захады дзеля авалодання мовай студэнтамі і выкладчыкамі. Рэктарам універсітэта прафесарам У.I.Пічэтай для выкладання беларускай мовы на медфаку запрашаецца таленавіты вучоны, старшыня Інстытута беларускай культуры С.М.Некрашэвіч. Выкладанне беларускай мовы для студэнтаў распачата ў лютым 1923 года, а з зімовага семестра 1926 года на ўсіх курсах уведзена выкладанне беларусазнаўства [13]. Акрамя лекцый, штодзённа праводзіліся двухгадзінныя практычныя заняткі на працягу чатырох тыдняў для студэнтаў 1-4 курсаў і на працягу трох тыдняў для студэнтаў 5 курса [17]. На першым курсе выкладалася беларуская мова, на другім, акрамя граматыкі, вывучаліся гісторыя беларускай літаратуры, гісторыя і геаграфія Беларусі; студэнты чацвертага і пятага курсаў вывучалі і беларускую мову і беларусазнаўства з той прычыны, што гэтыя дысцыпліны імі раней не вывучаліся, прычым для выпускнікоў абодва прадметы былі ўключаны ў лік дзяржаўных экзаменаў [19-20]. Па сведчанні выкладчыка беларускай мовы супрацоўніка Інбелкульта Л.М.Цвяткова, заліковая сесія на першых двух курсах высветліла недастатковую моўную падрыхтоўку за сярэднюю школу [18]. Пазней, пры пераводзе на другі курс студэнты ў ліку абавязковых здавалі экзамен па беларускай мове [25]. Вывучэнне беларускай мовы прафесарска-выкладчыцкім персаналам распачата з восені 1926 года ў гуртках, арганізаваных пры ўсіх кафедрах. Заняткі праводзіліся па дзве гадзіны штотыднёва асістэнтамі і ўрачамі клінік, якія добра ведалі беларускую мову. Расходы на ўтрыманне гурткоў выдаткоўваліся звыш прадугледжаных на работу кафедр [19-20]. Перавод выкладання на беларускую мову на медфаку напачатку стрымліваўся шэрагам аб’ектыўных прычын: недахопам выкладчыкаў, якія валодалі беларускай мовай, складам студэнтаў, што атрымалі папярэднюю падрыхтоўку на рускай мове, нераспрацаванасцю нацыянальнай тэрміналогіі, адсутнасцю адпаведных падручнікаў і дапаможнікаў. Так, у 1924/25 навучальным годзе на беларускай мове выкладанне вялося ўсяго 44 гадзіны [3,9% ад агульнага ліку вучэбнага часу], а валодалі ёю толькі 5 выкладчыкаў. Выкладанне на беларускай мове спецыяльных дысцыплін першым распачаў у 1926 годзе асістэнт кафедры агульнай гігіены З.К.Магілёўчык, а крыху пазней у тым жа годзе - Л.Я.Тарановіч, які выкладаў біялагічную хімію [19]. Згодна з пастановай праўлення БДУ, з 15 лютага 1927 года заняткі на беларускай мове павінны былі весці 74 выкладчыкі медыцынскага факультэта [21]. У першую чаргу да выкладання на беларускай мове абавязваліся асістэнты і ардынатары, асабліва тыя, якія нядаўна скончылі медфак. Ад кожнага пакідаемага на выкладчыцкую працу на медфаку патрабавалася веданне беларускай мовы [19-26]. У сакавіку 1928 года аб’яднанае пасяджэнне прадметных камісій пры удзеле рэктара БДУ прафесара У.I.Пічэты абмеркавала пытанне «Вынікі беларусізацыі на медыцынскім факультэце». Прыведзеныя лічбы сведчаць аб пашырэнні выкладання на беларускай мове - яно ўзрасло да 62 гадзін супраць 12,5 у мінулым годзе і склала 37% штотыднёвага вучэбнага часу. На беларускай мове вялі заняткі 35 асістэнтаў з 52-х і 20 ардынатараў з 43-х, тады як у папярэднім навучальным годзе толькі 6 асістэнтаў і 6 ардынатараў. Горшым у гэтых адносінах было становішча сярод дацэнтаў і прафесараў: толькі 2 дацэнты з 8 і 1 прафесар з 23 выкладалі на беларускай мове. Разам з тым адзначалася, што валоданне беларускай мовай выкладчыкамі яшчэ недастатковае. Калі да асістэнтаў і ардынатараў у пераходзе да беларускамоўнага выкладання кіраўніцтва БДУ і факультэта ставілася даволі патрабавальна, то ў дачыненні да прафесараў дапускаліся пэўныя паслабленні. У.I.Пічэта адзначаў неабходнасць лічыцца з акалічнасцю, што ў той час, калі запрашалі прафесараў і асістэнтаў з іншых гарадоў, пытанне аб выкладанні на беларускай мове яшчэ не было вырашана [26]. Таму, нягледзячы на абумоўлены пастановай калегіі Наркамасветы БССР тэрмін - пачатак 1928-29 навучальнага года, у які ўся работа па пераводзе на беларускую мову БДУ павінна была быць закончанай, праўленнем універсітэта для прафесараў медыцынскага факультэта тэрмін пераходу да выкладання на беларускай мове быў падоўжаны на год - да 1 верасня 1930 года. Для прафесараў і асістэнтаў, якія нядаўна прыступілі да выкладання, дырэкцыя медінстытута ўстанавіла яшчэ больш позні тэрмін - 1 кастрычніка 1931 года [16, 24, 26]. Большасць прафесарска-выкладчыцкага складу медыцынскага факультэта прыняла як належнае патрабаванне да пераходу на беларускамоўнае выкладанне і дзейсна ўключылася ў гэты працэс: вывучалі мову, рыхтавалі праграмы, курсы лекцый, вялі на беларускай мове заняткі са студэнтамі. Ужо з 1927 года распачалася праца над падручнікамі і дапаможнікамі на беларускай мове: асістэнт П.В.Трэмповіч падрыхтаваў падручнік да практычных заняткаў па тапаграфічнай анатоміі і аперацыйнай хірургіі [21], прафесар Л.П.Розанаў укладаў падручнік і практыкум па фізіялогіі, прафесар В.Ю.Мранговіус рабіў пераклад на беларускую мову свайго падручніка па скурных і венерычных хваробах [23]. З арганізацыяй медыцынскага інстытута яго дырэкцыя працягвала надаваць выкладанню на беларускай мове пільную ўвагу. Частка прафесараў яшчэ не цалкам перавяла выкладанне сваіх дысцыплін на беларускую мову і дырэкцыяй прыкладаліся намаганні для выпраўлення становішча. Згодна з загадам дырэктара інстытута прафесара М.Б.Кроля, з пачатку 1930-1931 навучальнага года ўсе заняткі павінны былі праводзіцца на беларускай мове, прычым мела быць значна палепшана якасць выкладання [20]. У 1930 годзе выкладанне беларускай мовы для студэнтаў было адменена ў разліку на добрую падрыхтоўку абітурыентаў. Прафесар М.Б.Кроль адзначаў, што без грунтоўных ведаў беларускай мовы не будзе прыняты ні адзін студэнт [22]. Праведзеная ў канцы 1931 года шырокая праверка стану беларусізацыі засведчыла, что ўжыванне беларускай мовы зацвердзілася ва ўсіх сферах жыцця інстытута. На беларускай мове вялося ўсе справаводства, у тым ліку і гісторыі хваробаў, выкладанне, за выключэннем асобных прафесараў, таксама вялося на беларускай мове. Разам з тым высветлілася, што не валодалі вуснай або пісьмовай беларускай мовай прыкладна 20% студэнтаў і амаль столькі ж выкладчыкаў, у большасцi маладыя супрацоўнікi. Была звернута ўвага на тое, што студэнты і супрацоўнікі інстытута і клінік недастаткова карыстаюцца беларускай мовай у міжасабістых зносінах і ў побыце, на недастатковую колькасць літаратуры на беларускай мове ў інстытуцкай бібліятэцы [14]. Iстотнай перашкодай у пераходзе да беларускамоўнага выкладання спецыяльных дысцыплін была нераспрацаванасць нацыянальнай медыцынскай тэрміналогіі. Першым крокам у гэтым накірунку сталі анатамічныя назвы, распрацаваныя камісіяй медыцынскай секцыі Iнбелкульта і выдадзеныя ў 1926, 1927, 1929 гадах трымя выпускамі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» [4,5,6]. Анатамічныя назвы не толькі мелі самастойнае значэнне ў выкладанні і навуковай лексіцы, але і стваралі падставу для ўкладання тэрміналогій па клінічных дысцыплінах. У студзені 1928 года з ініцыятывы Iнбелкульта Наркамат Народнай асветы БССР прапанаваў медыцынскаму факультэту далучыцца да распрацоўкі праектаў медыцынскай тэрміналогіі [23]. Аднак праз год сакратар Iнбелкульта А.Цвікевіч адзначаў, што медфак у гэтай справе фактычна нічога не зрабіў [35], хаця пры кафедрах і былі створаны тэрміналагічныя камісіі. Толькі ў 1931-32 гадах кафедрай псіхіятрыі быў складзены руска-беларускі слоўнік псіхіятрычных тэрмінаў з 536 назваў, а супрацоўнікі кафедры мікрабіялогіі I.А.Суцін і Г.Г.Бандаровіч склалі спіс з 400 лексем, якія ўжываліся пры выкладанні мікрабіялогіі [15,29]. Над тэрміналогіяй у галіне судовай медыцыны працаваў дацэнт В.Ф.Чарвакоў, які, на думку прафесара I.Т.Цітова, узбагаціў яе вельмі ўдалымі тэрмінамі [26]. Фізіялагічную тэрміналогію ўкладаў прафесар Л.Розанаў [23]. Прычына малавыніковай тэрмінатворчай працы медфаку - недастатковае валоданне мовай выкладчыкамі, бо, як слушна заўважыў прафесар С.М.Мелкіх, навуковую тэрміналогію могуць складаць толькі асобы, якія дасканала валодаюць мовай [23]. Дзеля паскарэння выдання медыцынскай літаратуры, навуковы медыцынскі Савет пры Наркамаце аховы здароўя стварыў дзве камісіі: рэдакцыйна-тэрміналагічную і па справах медыцынскага друку. Апошняя склала пяцігадовы план выдання падручнікаў, навуковай і папулярнай медыцынскай літаратуры, згодна з якім у 1928-1933 гадах павінны былі быць выдадзены 22 падручнікі [35]. Выданне вучэбнай літаратуры накіроўвалася Наркаматам аховы здароўя рэспублікі, па даручэнню якога ў 1931 годзе супрацоўнікі інстытута падрыхтавалі да друку 17 падручнікаў і дапаможнікаў па шэрагу тэарэтычных і клінічных дысцыплін [28]. Першым падручнікам на беларускай мове для вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў стаў падручнік В.Ю. Мранговіуса «Скурныя і венерычныя хваробы (у табліцах)», які выйшаў з друку ў 1930 годзе. На працягу 1931-1937 гадоў былі выдадзены на беларускай мове падручнікі: па фізіялогіі прафесара Л.П.Розанава, па клінічнай хірургіі прафесара С.М.Рубашова, па аперацыйнай хірургіі прафесара М.П.Сакалоўскага, па артапедыі прафесараў М.Н.Шапіры і Б.Н.Цыпкіна, па венерычных хваробах прафесара А.Я.Пракапчука, па дзіцячай хірургіі прафесара А.Е.Мангейма. Прафесар С.М.Бурак напісаў грунтоўны падручнік па хваробах вуха, горла і носа, прафесар I.Т.Цітоў - «Асновы паталагічнай анатоміі», прафесар М.Л.Выдрын падрыхтаваў два падручнікі: па акушэрству і па гінекалогіі. Выйшлі ў свет дапаможнікі па агульнаму наркозу, па асэптыцы і антысэптыцы, па клінічнаму даследаванню хірургічных і тэрапеўтычных хворых, практыкум па агульнай гігіене і іншыя. Пасля 1937 года працэс беларусізацыі быў згорнуты, выкладанне ў вышэйшых навучальных установах зноў пераведзена на рускую мову, падручнікі па медыцыне на беларускай мове перасталі выдавацца. Станоўчым у вопыце станаўлення беларускамоўнай вышэйшай медыцынскай адукацыі ў 20-30-я гады з’яўляецца адказнае стаўленне кіраўніцтва БДУ, медфаку і медыцынскага інстытута, большасці прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў да дзяржаўнай праграмы беларусізацыі і іх чынны ўдзел у яе здзяйсненні, неаслабнае кіраўніцтва і кантроль за ходам беларусізацыі Наркаматаў асветы і аховы здароўя. У выніку руплівай арганізацыйнай і творчай працы праграма беларусізацыі на медыцынскім факультэце, а пазней - у медыцынскім інстытуце выконвалася, хаця і з некаторым адставаннем ад запланавых тэрмінаў. Заганным у арганізацыі беларускамоўнага выкладання нам падаецца тое, што ўвядзенне выкладання апярэджвала стварэнне неабходных для яго умоў. Не абыходзілася і без уласцівых таму часу заклікаў да ўдарных тэмпаў, датэрміновага пераходу да выкладання на беларускай мове, папрокаў у шкодніцкім ухіле. Важкай прычынай замаруджвання беларускамоўнага выкладання было недастатковае валоданне мовай як выкладчыкамі, так і студэнтамі. Неспрыяльна на ходзе пашырэння ўжывання беларускай мовы ў выкладанні адбілася таксама распачатая з 1929 года барацьба з так званай «нацдэмаўшчынай», якая на справе азначала адказ ад беларусізацыі. Рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі не абмінулі і медыцынскі інстытут - у 1930 годзе былі арыштаваны дацэнт кафедры тапаграфічнай анатоміі і аперацыйнай хірургіі В.П.Трэмповіч і асістэнт кафедры агульнай хіміі І.Ф.Сушынскі [27]. У 90-я гады з пашырэннем беларускамоўнага выкладання ў сярэдніх школах пасля прыняцця закона аб мовах і дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай і іншых нацыянальных моў у Беларусі, перад вышэйшымі навучальнымі ўстановамі зноў паўстала праблема стварэння ўмоў для навучання на беларускай мове. З мэтай высвятлення стану валодання беларускай мовай прафесарска-выкладчыцкім складам інстытута ў 1994 г. было праведзена ананімнае анкетнае апытанне 480 супрацоўнікаў 45 кафедр. Высветлілася, што свабодна валодаюць мовай 118 (24,8%) рэспандэнтаў, з якіх: загадчыкаў кафедрамі - 17, прафесараў - 2, дацэнтаў і старшых выкладчыкаў - 52, асістэнтаў і выкладчыкаў - 46, аспірантаў - 1; разумеюць і могуць крыху размаўляць на беларускай мове - 253 (52,7%) асобы, з іх: загадчыкаў кафедр - 19, прафесараў -11, дацэнтаў і старшых выкладчыкаў - 69, аспірантаў - 2; разумеюць беларускую мову, але не размаўляюць на ёй - 98 (20,4%) апытаных: 3 загадчыкі кафедрамі, 4 прафесары, 30 дацэнтаў і старшых выкладчыкаў, 56 асістэнтаў і выкладчыкаў, 4 аспіранты; зусім не валодаюць мовай 11 (2,3%) анкетаваных: 1 дацэнт, 8 асістэнтаў і старшых выкладчыкаў, 2 аспіранты. Такім чынам, інстытут на той час меў склад выкладчыкаў з дастатковым узроўнем моўнай падрыхтоўкі для пачатку выкладання для выпускнікоў беларускамоўных школ - амаль чвэрць апытаных свободна валодала мовай. 78 свободна валодаючых мовай выкладчыкаў прыходзілася на старэйшую ўзроставую групу (ад 46 да 60 і звыш гадоў), у той час як сярод выкладчыкаў ва ўзросце ад 30 да 45 гадоў іх было толькі 41. З гэтага вынікала неабходнасць арганізацыі моўнага ўдасканалення найперш для выкладчыкаў маладзейшага ўзросту, з прычыны паступовага выхаду на пенсію выкладчыкаў старэйшай узроставай групы. У сувязі з гэтым вывучаліся адносіны ўдзельнікаў апытання да ўдасканалення валодання беларускай мовай. На пытанне «Ці хацелі бы вы вывучаць беларускую мову на курсах для выкладчыкаў у межах павышэння кваліфікацыі?» станоўча адказалі 224 асобы (46,7%), адмоўна - 244 апытаных, сярод іх - 58, якія добра валодалі мовай і, такім чынам, гэтая лічба змяншаецца да 186 (38,8%); не вызначаліся 12 выкладчыкаў (2,7%). Высвятлялася таксама стаўленне выкладчыкаў інстытута да выкладання на беларускай мове. На пытанне аб мэтазгоднасці выкладання на беларускай мове для студэнтаў, якія скончылі беларускамоўныя школы, сцвярджальна адказалі 213, або 45,2% удзельнікаў апытання, адмоўна выказаліся 233 асобы (49,4%), 23 (4,9%) лічылі выкладанне магчымым пры стварэнні неабходных умоў або па жаданню студэнтаў, 2 выкладчыкі выказаліся за выкладанне на беларускай мове гуманітарных, але не клінічных дысцыплін. Такім чынам, колькасць прыхільнікаў медыцынскай адукацыі на беларускай мове і колькасць асоб з процілеглым пунктам погляду сярод прафесарска-выкладчыцкага складу інстытута былі прыкладна роўнымі. Другой важнейшай умовай пераходу да беларускамоўнага выкладання з’яўляецца стварэнне навучальнай базы: укладанне тэрміналагічных слоўнікаў, вучэбных і метадычных дапаможнікаў, распрацоўка або пераклад падручнікаў, укладанне курсаў лекцый і іншае. Што да сучаснага стану медыцынскай тэрміналогіі, то яна не можа лічыцца дасканала распрацаванай і ўнармаванай з прычыны прыпынення яе натуральнага развіцця выключэннем беларускай мовы з навучальнай, навуковай і практычнай медыцынскай дзейнасці. Да гэтага часу многія медыцынскія тэрміны, уключаныя ў сучасныя нарматыўныя слоўнікі, маюць адбітак русіфікацыі. Большасць вузкаспецыяльных тэрмінаў розных галін медыцыны не адлюстраваны ў беларускіх слоўніках. Медыцынскія слоўнікі з 20-х гадоў і да апошняга часу не выдаваліся ўвогуле. Выконваючы закон аб мовах і праграму развіцця беларускай мовы,у 90-я гады ў інстытуце распачалася праца па ўкладанню праектаў тэрміналагічных слоўнікаў, падрыхтоўцы метадычных і вучэбных дапаможнікаў. У 1991 годзе пры Міністэрстве аховы здароўя быў утвораны тэрміналагічны камітэт марфалагічных дысцыплін. Публікуюцца праекты гісталагічнай і эмбрыялагічнай наменклатур [3,7], тэрміналагічныя слоўнікі па цыталогіі [12], анатоміі чалавека [1], агульнай і медыцынскай вірусалогіі [11], тэрміналогія ў галіне акушэрства і гінекалогіі [31-32] даведнік дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў [9]. Зараз завяршаецца праца па падбору беларускіх адпаведнікаў да Міжнароднай анатамічнай наменклатуры. Супрацоўнікамі Рэспубліканскай медыцынскай бібліятэкі складзены руска-беларускі медыцынскі слоўнік на 5000 слоў [30]. Прыкладна 1100 беларускіх тэрмінаў прыведзены ў кароткім тлумачальным слоўніку для медыцынскіх сясцер [10], больш за 4000 лексічных адзінак уключае руска-беларускі медыцынскі слоўнік, выдадзены ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце [8].Да распрацоўкі тэрміналогіі з асабістай ініцыятывы далучыліся студэнты [33]. Разам з тым, з 90-х гадоў мінулага стагоддзя на беларускай мове выдадзены ўсяго тры падручнікі: па хірургічных хваробах [36], па судовай медыцыне [34] і падручнік па гісталогіі і цыталогіі [2]. Такім чынам, праца па стварэнню навучальнай базы для беларускамоўнага выкладання была ў 20-30-я гады больш прадуктыўнай, чым у апошняе дзесяцігоддзе. Дзесяцігадовы тэрмін пераходу да беларускамоўнага выкладання, прадугледжаны праграмай развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў, спрыяў натуральнаму і паступоваму ўрастанню беларускамоўнага выкладання ў вышэйшых навучальных установах. За гэты час навучальныя установы змаглі б падрыхтаваць адпаведныя ўмовы для выкладання на беларускай мове. Аднак змены, якія адбыліся пасля вядомага рэферэндуму, адмоўна адбіліся на пашырэнні беларускамоўнага выкладання. Між тым, закон аб мовах дзейнічае і фактычна абавязвае універсітэт быць гатовым да забеспячэння атрымання вышэйшай адукацыі на роднай мове. Першы вопыт выкладання ў БДМУ шэрагу тэарэтычных і клінічных дысцыплін у 90-я гады засведчыў, што выкладанне на беларускай мове забяспечвае дастаткова глыбокае засваенне вывучаемага матэрыялу.

Вопыт станаўлення беларускамоўнага выкладання ў медыцынскай адукацыі сведчыць, што галоўнымі яго ўмовамі з’яўляюцца валоданне беларускай мовай і спецыяльнай лексікай выкладчыкамі і студэнтамі, распрацоўка тэрміналогіі і на яе аснове вучэбна-метадычных комплексаў па кожнай спецыяльнай дысцыпліне. Гэтая складаная работа не можа грунтавацца толькі на энтузіазме выкладчыкаў, яна павінна каардынавацца, мець планамерны характар і дзяржаўную падтрымку.

Лiтаратура:

1. Анатомический словарь: русско-белорусско-латинский, белорусско-латинский, латинско-белорусский. С.П.Ярошевич, Л.Н.Бойцов, Д.В.Ковалева, П.И.Лобко. - Мн.: Дизайн ПРО, 1998. - 480 с.

2. Арцішэўскі А.А. Гісталогія з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі: Падруч. Мн.: Тэхналогія, 2000. - 311 с.

3. Беларуская гісталагічная наменклатура /А.С.Леанцюк, А.А.Арцішэўскі, Т.I.Астроўская i iнш.; Пад рэд. А.С.Леанцюка - Мн.: МДМI, 1991. - 144 с.

4. Беларуская навуковая тэрміналёгія. Вып. 9. Анатамічныя назовы. Ч. 1. - Менск.: Выд. ін-та бел культуры. 1926. - 110 с.

5. Беларуская навуковая тэрміналёгія. Вып. 13. Анатамічныя назовы. Ч. 2. - Менск.: Выд. ін-та бел.культуры, 1927. - 181 с.

6. Беларуская навуковая тэрміналёгія. Вып. 20. Анатамічныя назовы. Ч. 3 - Менск: Выд. БелАН, 1929. - 112 с.

7. Беларуская эмбрыялагічная наменклатура. А.С.Леанцюк, А.А.Арцішэўскі, Т.I.Астроўская i iнш. Пад рэд. праф. А.С. Леанцюка. - Мн.: МДМI, 1991. - 118 с.

8. Воронец В.И. Русско-белорусский медицинский словарь. - Гродно: ГМУ, 2003. - 98 с.

9. Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, рускай і лацінскай мовах: Метад. дапам. для студ. мед. інс-таў /МДМI. Н.I.Арцішэўская, Р.I.Новікава, Н.Н.Сілівончык i iнш. - Мн., 1994. - 94с.

10. Друян Л.И. Краткий терминологический словарь для медицинских сестер. - Мн.: Выш. шк., 1992. - 94 с.

11. КрасільнікаўА.П., Цітоў А.П., Казак Н.Ф. Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі. - Мн.: Выш. шк., 1995. - 63с.

12. Леанцюк А.С., Мельнікаў I.А. Цыталогія: тэрміналагічны слоўнік. - Мн., МДМI, 1993.- 65с.

13. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь [НАРБ], ф. 205, воп. 1, спр. 959, а. 7в.

14. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1, а. 90-91.

15. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 17, а. 6.

16. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 57, а. 117.

17. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1007, а. 42.

18. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1041, а. 21-22.

19. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1043, а. 42, 95, 175, 257.

20. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1044, а. 13, 61, 72, 77, 81,85.

21. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1047, а. 17, 201.

22. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1069, а. 121.

23. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1073, а. 82, 137, 160.

24. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1074, а. 20, 23 .

25. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1075, а. 18, 21, 25.

26. НА РБ, ф. 205, воп. 1, спр. 1077, а. 17, 23-26, 39.

27. НА РБ, ф. 218, воп. 1, спр. 1, а. 56.

28. НА РБ, ф. 218, воп. 1, спр. 17, а. 2.

29. НА РБ, ф. 218, воп. 1, спр. 81, а. 12-23.

30. Русско-белорусский медицинский словарь. Опыт словаря-справочника: Около 5000 слов /Е.Ф.Горелова, Н.Д.Гололоб, Л. И.Подорская и др. - Мн.: Респ. научн. мед. биб-ка, 1993. - 74 с.

31.Смирнова Т.А., Цисык А.З., Капитула Л.С. Анатомическая терминология женской половой системы: Практикум. - Мн.: МГМИ, 2000. - 38 с.

32.Смирнова Т.А., Цисык А.З., Капитула Л.С. Акушерско-гинекологическая онкологическая терминология: Практикум. - Мн.: МГМИ, 2001. - 18 с.

33.Стасевіч А., Варыёцкі С. Кароткі-расейска-беларускі фізіялагічны слоўнік.- Мн.: Тэхналогія. 1993. - 50 с.

34. Судовая медыцына: Падручн. В.М.Крукаў, Л.М.Бедрын, М.М.Пяткевіч і інш. Пад рэд. В.М.Крукава. - Мн.: Універсітэцкае, 1997. - 496 с.

35. Цвікевіч А. Крок наперад//Бел.мед.думка. - 1929. - №3. - С.17-20.

36. Юпатаў С.I., Калтанюк У.М. Хірургічныя хваробы: Вучэб. дапам. - Мн.: Выш.шк., 1996. -351 с.

Рубрыкі: Беларуская медычная традыцыя, Матэрыялы Тэгі: . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.