Народныя медычныя назвы ў гутаркавай мове вольна існуюць і дагэтуль. Менавіта на падставе этнаграфічнага матэрыялу пачалося станаўленне беларускай навуковай медычнай тэрміналогіі.
Першыя друкаваныя (а часам, нажаль, толькі рукапісныя) медычныя назвы з'явіліся ў газетных артыкулах і агульных слоўніках, складзеных А. Сержпутоўскім, Я. Станкевічам, М. Гарэцкім, М. Байковым, В. Ластоўскім, Я. Лёсікам, І. Цьвікевічам і інш. Першы беларускамоўны падручнік у галіне медычных ведаў - "Фізыолёгія і анатомія чалавека" - прызначаўся для шкаляроў, быў перакладны з расейскай і выдаўся ў 1923 годзе Бюро па ўкладаньню і перакладах падручнікаў на беларускую мову пры Народным Сакратарыяце Асьветы Беларускае Народнае Рэспублікі (дарэчы, само Бюро стварылася яшчэ ў лютым 1918 г.). Пераклад рыхтавалі І. Цьвікевіч, В. Ластоўскі і К. Дуж-Душэўскі.
17 красавіка 1924 г. заснавалася Мэдычная сэкцыя пры Інстытуце Беларускае Культуры БССР (з 1928 г. у складзе Інстытута Навуковае Мовы Беларускай Акадэміі навук). Яна "адным з найпершых сваіх заданьняў паставіла апрацаваньне беларускае мэдычнае тэрмінолёгіі, як патрэбнае падставы ...дзеля пераходу выкладаньня па-беларуску, ...дзеля друкаваньня мэдычных кніжак, ...дзеля разьвіцьця ў беларускай мове навуковае літаратуры па мэдыцыне і біолёгіі". У склад Тэрмінолёгічной Камісіі увайшлі доктар Іван Цьвікевіч (старшыня), доктар Павал Трэмповіч (член) і студэнт-медык Павал Каравайчык (сакратар і дакладчык).
Першай і адзінай пабачыла свет Nomina Anatomica Alborutenica - Анатамічныя назвы ў 3-х тамах - выдадзеная ў 1926-29 гадох. Гэта быў праект для надалейшага абмеркавання, аднак афіцыйна адзначалася, што "для аўтараў падручнікаў гэтая тэрмінолёгія зьяўляецца абавязковаю, покі ня зроблены будуць зьмены прынятым у БАН парадкам". Была распачата праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана, рукапісы захоўваюцца зараз у Нацыянальным Архіве Рэспублікі Беларусь.
У часы беларускай нацыянальнай адлігі 20-30-х гадоў выходзіла параўнальна шмат беларускамоўнай медычнай літаратуры. Чытаючы яе зараз, мімаволі адзначаеш высокі навуковы ўзровень і прастату выкладання, якой валодалі нашыя калегі. Цягам 1926-34 г.г. выходзіў часопіс "Беларуская Мэдычная думка", аўтары якога зрабілі значны ўнёсак у распрацоўку медычнай тэрміналогіі, асабліва неўралагічнай (праф. М.Б. Кроль), траўматалагічнай (М.Н. Шапіра), заразлівай (праф Б.Я. Эльберт, А. Поляк) і гігіенічнай (З.К. Магілёўчык, М.І. Барсукоў, С.Р. Дзіхцяр). Выдаваліся кнігі па шматлікіх накірунках практычнай медыцыны: па акушэрству і гінекалогіі, хірургіі, тэрапіі; выходзілі беларускамоўныя зборнікі прац, нарматыўныя дакументы і інструкцыі (глядзі вышэй). Выдавецкіх планаў зрэшты было нашмат болей, але зрэалізаваць тое ўжо не выпала.
Разам з тым зацікаўленыя людзі вядома засталіся, і нават падчас фашыстоўскай акупацыі выкладчыкі створанага Магілёўскага навукова-медычнага інстытута здолелі дамагчыся дазволу на пераклад аднаго падручніка на "беларутэнскую" мову.
Пасля II Сусветнай вайны праца над медычнай тэрміналогіяй вялася як у Савецкай Беларусі, так і за яе межамі (часопіс аб'яднання беларускіх лекараў на чужыне "Мэдычная думка"). Выдаваемыя за Саветамі ў пасляваенныя гады слоўнікі стараліся "пазбягаць выкарыстання састарэлых і малаўжывальных слоў" і не хавалі сваёй прывязкі да расейскай тэрміналогіі як ва ўтварэнні новых словаў, так і ў "русіфікацыі" уласнабеларускіх - гэта ўсё добра бачна.
На хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку 90-х былі створаны слоўнікі па пэўных галінах медыцыны. Некаторыя з іх яўна кан'юнктурныя (пісаліся пад моду і якія-ніякія выдаткаваныя тады грошы), а некаторыя прадстаўляюць велькі інтарэс і зараз карыстаюцца папулярнасцю як у медыкаў, так і ў філолагаў (глядзі наш ТОП-7).
Сёння працэс складання медычных слоўнікаў і напісання падручнікаў ідзе павольна, але няспынна. Вымалёўваюцца праблемы: пакідае жадаць лепшага якасць значнай часткі слоўнікаў, ёсць толькі адзінкавыя прыклады супрацоўніцтва лекараў і філолагаў пры іх напісанні, няма грунтоўных абагульняючых працаў, не вядзецца актыўнай работы з аўдыторыяй патэнцыяльных спажыўцоў.
Падрыхатаваў Мікалай Галабародзька.
