У Гарвардскім універсітэце, навучальнай установе, якая дала свету найбольшую колькасць нобелеўскіх лаўрэатаў, адбылася цэрэмонія ўручэння «Шнобелеўскіх прэмій». Узнагароджанні традыцыйна атрымліваюць аўтары найбольш недарэчных, сумнеўных і бязглуздых навуковых дасягненняў і даследванняў. У гэтым годзе прэміі былі ўручаны ў 10 галінах ведаў, у тым ліку і ў медыцыне.
Яе атрымаў Дэн Эрайелі з універсітэта Паўночнай Караліны. Навуковец правеў эксперымент з 2-ма групамі дабраахвотнікаў, якім выдаў абсалютна аднолькавыя плацэба, паведаміўшы, што гэта супрацьболевыя прэпараты. Паводле ўмоваў эксперымента адна група атрымала «лекі» коштам 2,5 даляры за таблетку, а другая — па 10 цэнтаў.
Тэст прадэманстраваў, што удзельнікі эксперымента, якія атрымалі «больш дарагі» прэпарат менш болесна рэагавалі на слабыя электрычныя імпульсы, чым атрымальнікі «таннейшых» лекаў. Па меркаваннях даследчыка гэты факт даказвае, што кошт прэпарата ўплывае на чаканні пацыента — чым даражэй прэпарат, тым большы эфект ад яго чакаецца. Не зусім зразумела, навошта было падманваць столькі людзей, каб даказаць настолькі відавочныя рэчы. Хіба дзеля таго, каб атрымаць Шнобелеўскую прэмію.
Паводле БелаПАН.
