"Мінскі раён стаў пілотным рэгіёнам Беларусі, дзе ў практыку тэлемедыцыны інтэграваны тэхналогіі сотавай сувязі" -- паведамляе рэсурс "Заўтра тваёй краіны". Такім чынам, з'ява, на назву якой Google выдае 221 тыс. спасылак, дабралась нарэшце і да Беларусі.
Выглядае гэта так. У пасялковай бальніцы, дзе няма свайго кардыёлага, кардыяграмы робяцца з дапамогай мабільнага бяздротавага кардыёграфа "Кардыян ПМ" (беларускай вытворчасці, між іншым). Далей запісаная ЭКГ перадаецца па Інтэрнэту ў раённую бальніцу ў Бараўлянах, дзе яе расшыфроўваюць, аналізуюць, паведамляюць вынікі і даюць рэкамендацыі. Хоць МЗ РБ і запісала сябе ва ўдзельнікі праекту, выдаткі па набыцці апарата "Кардыян" і мабільны Інтэрнэт прадаставіла МТС.
Крыху пра саму методыку. "Фішка" апарата "Кардыянт ПМ" у тым, што ЭКГ здымаецца і адразу перадаецца праз Bluetooth на кішэнны кампутар (КПК) з адпаведным праграмным забеспячэннем, якія можа знаходзіцца на адлегласці да 10 м ад пацыента. Такая "бяздротавасць" сапраўдная знаходка для правядзення фунцыянальных проб, напрыклад велаэргаметрыі, ці адсочвання функцыі сэрца ў нечаканых месцах (напрыклад у лазні). У памяці КПК можа захоўвацца колькі кардыяграм з магчымасцю аўтаматычнага аналізу (адпаведна здольнасцям апарата) і параўнання паміж сабой.
У Ратамцы здымаліся электракардыяграмы і перадаваліся на КПК. Далей з кішэннага капутара праз сотавы тэлефон МТС шляхам Інтэрнэту ЭКГ перасылаліся ў раённую бальніцу. Пры дапамозе бяздротавага мадэму ад той жа МТС там яны прымаліся і аналізаваліся загадчыцай кабінета функцыйнай дыягностыкі.
Прыемна за Ратамку ці за Мінскую раённую бальніцу -- там мабыць працуюць энтузіясты новых карысных тэхналогій. Непрыемна за МЗ РБ, які ва ўмовах глабальнага перааснашчэння і рамонту аперблокаў і рэанімацый не знаходзіць мізэрных грошай на Інтэрнэт у бальніцах (у той жа мінскай раённай яго няма). Глядзіш і не прыйшлося бы гарадзіць гарод з мабільнай перадачай дадзеных стацыянарных месцах у ваколіцах Мінску, дзе стацыянарны Інтэрнэт магчымы без праблем. Але з іншага боку, гэта сістэма можа быць скарыстана напрыклад у "палявой" рабоце Хуткай Дапамогі. Тым больш што па словах Б. Андрасюка, начальніка профільнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя "сёння Беларусь на этапе стварэння адзінай сеткі тэлемедыцыны, здольнай у будучыні ахапіць усю тэррыторыю краіны". Няўжо і мы дачаемся бясплатнага Wi Fi ў бальніцах і відэаканферэнцый па Скайпе з калегамі з Бешанковічаў? Хочацца верыць.

