Рэканструкцыя для самых бедных

Тут будзе "горад-сад"

Тут будзе "горад-сад".

Паводле даручэння А. Лукашэнкі да канца 2010 году павінна быць скончана рэканструкцыя ўсіх лячэбных установаў рэспубліканскага значэння. Акрамя сусветнага фінансавага крызісу, на гэтыя планы могуць паўплываць іншыя, невядомыя шырокім масам чыннікі.

Лячэбнымі ўстановамі рэспубліканскага значэння ў нас прынята лічыць Рэспубліканскія навуковы-практычныя цэнтры (РНПЦ), якіх у Беларусі налічваецца 11, а таксама 3 медычныя навукова-даследчыя інстытуты.
Па інфармацыі рэсурсу «Заўтра тваёй краіны» паўнавартасная рэканструкцыя адбылася толькі ў двух РНПЦ Беларусі — траўматалогіі і артапедыі, а таксама анкалогіі і медычнай радыялогіі. Яшчэ ў чатырох зараз адбываецца частковая рэканструкцыя.
Па словах Алега Круглікава, начальніка аддзела інвестыцый, капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнай базы МЗ РБ, у 2009 годзе плануецца скончыць рамонт у РНПЦ «Маці і дзіця», РНПЦ «Кардыялогія», цэнтры неўралогіі і нейрахірургіі. Акрамя гэтага плануецца скончыць будаўніцтва цэнтра трансплантацыі органаў і тканак. Таксама збіраюцца пачаць рэканструкцыю Рэспубліканскага цэнтра гематалогіі і трансфузіялогіі і аднаўленне аперацыйнага блоку НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі ў Навінках.
Адпаведна ўказу прэзідэнта на рэканструкцыю гэтых шпіталяў плануецца скарыстаць 163 млрд. 741 мільён рублёў. Гэта на 50 мільярдаў больш чым планавалася ўкласці ў мадэрнізацыю медычных аб’ектаў агульнакраёвага значэння ў сыходзячым годзе і ўдвая болей чым аб’ём фінансавання на гэтыя мэты ў 2007 годзе.
Больш за палову ўсёй сумы (каля 120 млрд.) мяркуецца скарыстаць на рэканструкцыю РНПЦ «Маці і дзіця», а таксама цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, які толькі ствараецца.

Эфектыўнасць выкарыстання гэтых 120 млрд. пакінем на сумленні праектыроўшчыкаў і будаўнікоў, заангажаваных у гэтыя праекты. Але напрыклад у РНПЦ «Маці і дзіця» вялікая частка згаданай рэканструкцыі — гэта глабальны рамонт трохпавярховага педыятрычнага корпусу канца 60-х гадоў са шматмесцавымі палатамі і 2-мя санвузламі на паверх. Памятаючы немалыя трэшчыны ў рэканструююемых цяпер сценах, а таксама адвечную цвіль і вільгаць, супрацоўнікі РНПЦ задаюцца заканамерным пытаннем: «А ці не прасцей было бы знесці стары і пабудаваць новы сучасны корпус?» Пытанне рытарычнае і адказ, здаецца, ведаюць усе.

Акрамя ўжо ўзгаданых агульнакраёвых лячэбных установаў, у 2009 годзе пашырыцца і мадэрнізуецца і Рэспубліканскі клінічны медычны цэнтр Упраўлення справамі прэзыдэнта (больш вядомы людзям як «Лечкамісія»). Плануецца пабудаваць новы дыягнастычны корпус, а таксама аперацыйна-рэанімацыйны блок. Па інфармацыі «Народнай Волі» першая чарга будаўніцтва павінна быць скончана напрыканцы наступнай восені. На кожны з гэтых з аб’ектаў будзе скарыстана па 40 млрд. рублёў. І гэта без уліку выдаткаў на абсталяванне, якія звычайна шматкроць большыя. Для прыкладу — у 2007 годзе на набыццё абсталявання было патрачана 230 млрд. рублёў, а на будаўніцтва толькі 71.

Ва ўмовах фінансавага крызісу планы па пашырэнні «Лечкамісіі» не могуць не насцярожваць. Персаналу згаданых РНПЦ прапаную не спадзявацца на хуткае заканчэнне рамонту, а паважаных паліклінічных калег з райцэнтраў Беларусі ўвогуле папрашу расслабіцца — рэканструкцыя вашым працоўным месцам пагражае яшчэ не хутка. Ну і што з таго, што большасць насельнітва лечыцца не ў РНПЦ і тым больш не ў «Лечкамісіі» — у апошнім месцы лечацца «лепшыя» людзі Беларусі. І хай аптымісты мне не гавораць, што фінансуе будаўніцтва Упраўленне справамі прэзідэнта, а не МЗ РБ і гэтыя фінансавыя плыні не перасякаюцца. Апошняе дзесяцігоддзе дзяржбудоўляў выдатна паказала, што для патрэбнай справы рэсурсы змабілізуюцца заўжды. Узгадайце хаця б «Алмаз ведаў» — нацыянальную бібліятэку. Калі тэрміны пачалі «падціскаць» то нагналі будаўнікоў з усёй краіны і з усёй жа краіны пазвозілі цэмент, аж да дэфіцыту ў крамах. Таму, каб абрэзаць каштарыс рамонту ЛПУ доўга разважаць не будуць. Тым больш што досвед ужо ёсць — па словах усё таго ж сп. Круглікава — у 2007 годзе Міністрэрства аховы здароўя атрымала на рэканструкцыю толькі 71 з запланаваных 100 млрд. рублёў, а ў 2008 — усяго 105 са 112 мільярдаў.
Вось і думай зараз — няўжо так кепска са здароўем у кіраўніка Беларусі і яго каманды, што спатрэбілася тэрміновае пашырэнне профільнай бальнічкі? Мала хто сумняецца, што там і так ўсё выдатна і з рамонтам і з умовамі знаходжання і з абсталяваннем. Ці гэта проста адгалоскі «году дыспансэрызацыі»?

Рубрыкі: Блог Тэгі: , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

1 Каментар

  1. Susiedka
    Змешчана Студзень 15, 2009 ў 9:32 пп | Спасылка

    http://darriuss.livejournal.com/432704.html#cutid1 - вось тут можна ў розных ракурсах разгледзець будучы "палацава-паркавы комплекс", на пабудову якога крэдытныя грошы ад Расеі і МВФ вельмі дарэчы прыйшлі...

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.