Пад звон келіхаў сышоў ад нас 2008 год, адшумелі калядна-навагоднія святы. Час ужо брацца за працу ды паразважаць пра тое, якім быў 2008-ы.
Для Doktar.net ён быў адназначана ўдалым (хіба можа быць няўдалым год нараджэння?), але адначасова – поўны пошукаў сябе і сваёй аўдыторыі.
Медыкам Беларусі ён запомніўся дадатковымі адміністрацыйнымі бязглузіцамі, далейшым абмежаваннем правоў і змяншэннем заробкаў пад гучны спеў прапаганды пра “передовое здравоохранение” як форму клопату дзяржавы пра здароўе грамадзян.
Год Здароўя
Пачаўся 2008-ы з таго, што беларускім афіцыёзам ён быў пазначаны як «Год здароўя». Насельніцтву з 1 студзеня пачалі ўводзіць у вушы, як дзяржава клапоціцца пра іх здароўе, і актыўна прапаноўваць прайсці абследванне ў паліклініках. Персаналу апошніх былі даведзены жорсткія заданні па правядзенні медычных аглядаў. Персанал уздыхнуў і пасунуўся выконваць з усіх сваіх нешматлікіх сіл (толькі ў Мінску не хапае 957 лекараў, перш за ўсё ў паліклінічным звяне, а больш за пятую частку лекараў складаюць пенсіянеры).
Дух гэтай PR-кампаніі лепш за ўсё выразіў галоўны адказны за здароўе беларусаў: «Каждый врач на своем участке должен знать о состоянии здоровья своих пациентов» і «Дополнительного финансирования не будет. Воспринимайте это как общественное поручение». Маўляў, не грамадзянін адказны за сваё здароўе, а ягоны лекар. Прычым за тыя ж жабрацкія грошы. Таму адрапартавалі: "За 11 мес. осмотрены 7 млн 361 тыс. человек (92% жителей). Детское население осмотрено на 98%», ветераны ВОВ — на 100%," — і забыліся як страшны сон. Таму што 2008-ы скончыўся, а 2009-ы — ужо «Год роднай зямлі». Лагічны, між іншым, працяг: пасля «Году здароўя» — у «родную зямельку».
Але нават гэтыя не дужа ўважлівыя медагляды (каму выгодна знаходзіць дадатковыя праблемы ў здароўі сваіх пацыентаў — іх жа потым лячыць давядзецца) вызначылі новыя хваробы амаль у паловы дыспансэрызаваных, а практычна здаровымі прызнана толькі каля 22%. Таму без працы не застанемся.
Трансплантацыя печані
У мінулым годзе Беларусь стала бліжэй да сучаснай медыцыны — у красавіку была праведзена першая аперацыя па трансплантацыі печані. Печань перасаджваць складана — шмат судзінаў, нерваў і нязручнае месцазнаходжанне. Тым не менш у свеце такія аперацыі робяцца ўжо больш як чатыры дзесяцігоддзя, а сярод настаўнікаў нашых трансплантолагаў разам з немцамі былі адзначаны і літоўскія калегі. Тое, што даўна не дзіва за 180 км ад Мінску, няўрымслівымі дзярж. СМІ было паднесена як прарыў у айчыннай ахове здароўя. Алег Румо, начмед па хірургіі 9-ай ГКБ сталіцы, дзе праходзіла трансплантацыя, некалькі дзён не сыходзіў з «блакітнага экрану», а векапомную аперацыю галоўны рупар краіны — агенцтва БЕЛТА — назвала сярод падзеяў году. Пра тое, ці ўдала прайшоў пасляаперацыйны перыяд, шырока не паведамлялася.
Ганарымся калегамі, але варта зазначыць, што інавацыйная аперацыя па перасадцы ўчастка бронха, вырашчанага з дапамогай галамнёвых клетак, сталася здабыткам грамадскасці толькі праз 4 месяцы пасля яе правядзення.
Кадравая праблема і заробак медыкаў
У мінулым годзе шмат гаварылася пра недахоп спецыялістаў у галіне і павышэнне заробку, як сродак прыцягнення моладдзі ў прафесію. Называліся ўнушальныя лічбы кадравага дэфіцыту: патрэба ў лекарскіх і правізарскіх кадрах складае каля 5000 чалавек, з якіх 1737 — профільныя спецыялісты. Акрамя гэтага, галіне катастрафічна не хапае медсясцёр (патрэба каля 15000). Каля 20% лекараў і 12% медсёстраў — пенсіянеры. Асабліва кадравы голад заўважны ў правінцыі.
Каэфіцыент сумяшчальніцтва ў сярэднім па краіне склаў 1,39 (у Мінску — 1,3). Таму, калі Вы працавалі на 1,25 стаўкі-то вам проста пашанцавала — многія вашыя калегі працуюць на 1,5, а то і на 1,75, каб у сярэднім атрымалася 1,39. Прычым гэта без уліку таго, што багата лекараў сумяшчаюць у прадстаўніцтвах фармакалагічных кампаній і камерцыйных медцэнтрах, чаго «лукавая» статыстыка не ўлічвае. Дзе тут ужо займацца прафесійным самаўдасканаленнем — паспаць бы лішнюю гадзіну.
Разабрацца з праблемай недахопу кадраў МЗ РБ плануе ці то да 2013 (па словах В. Жарко), ці то да 2014 (па словах ягоных падначаленых). Прапанаваныя меры інавацыйнымі назваць цяжка: павялічэнне прыёму на медычныя спецыяльнасці (у 2008 прыём вырас на 13%, а ў 2009 плануецца пявялічыць яшчэ на 26%) і падаўжэнне тэрміну абавязковага размеркавання для тых хто патрапіў у сельскую мясцовасць і «чарнобыльскія» рэгіёны.
Наконт апошніх пачынанняў канкрэтна і пагрозліва выказаўся А. Лукашэнка: «У врача в руках слишком дорогое — здоровье и жизнь людей, и шутить с этим нельзя. Поэтому всякие меры будем принимать… Мы тебя обучили — иди, отработай на государство, и не год-два <…>, 10–15 лет».
Трэба прапанаваць МЗ увесці інстытут рэкруцтва для выпускнікоў медунівераў з абавязковай службай за 50 капеек у месяц напрацягу 25 год. Ці адразу дзяржаўнае прыгоннае права з адпрацоўкай пажыццёва па месцы мэтавага накіравання! Самі ж не дадумаюцца…
Пра павялічэнне заробку медработнікам таксама гаварылася неаднаразова.
У пачатку мінулага году сярэдняя зарплата лекара была 1 006 000 беларускіх рублёў, а ў цэлым па галіне 596 тыс. (80,6% і 76% заробку ў народнай гаспадарцы і прамысловасці адпаведна). Ды нават гэтыя лічбы былі дасягнутыя за кошт высокай сумяшчальнасці. Калі заробак кожнага з нас разлічыць на гадзіны, як гэта прынята, напрыклад, у ЗША, то атрымаецца, што менш за медыкаў зарабілі ў мінулым годзе толькі працаўнікі сельскай гаспадаркі.
Эпапея з падвышэннем заробку рэальна пачалася толькі ў ліпені, калі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў былі павялічаныя тарыфныя аклады лекараў: «стацыянарным» на 10%, «амбулаторным» на 25%. Улічваючы тое, што заробак медыка вызначае не аклад, а мудрагелістая сістэма даплат і прэміяльных, то прырост вялікім быць не мог у прынцыпе. Парадаксальным чынам згаданае павышэнне не закранула спецыялістаў «пярэдняга краю» — участковых тэрапеўтаў і педыятраў, а таксама лекараў агульнай практыкі — усіх тых да каго звычайна і звяртаецца па дапамогу насельніцтва.
У верасні быў павышаны заробкі медыкам, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні сталічных уладаў, — кожнаму лекару і медсястры дадалі па 2 базавыя (70 тыс. бел. рублёў), а таксама гарантавалі дадатковыя выплаты ў залежнасці ад сферы дзейнасці. Паколькі 10 РНПЦ і 2 НДІ хоць і знаходзяцца ў Мінску, але падпарадкоўваюцца непасрэдна МЗ РБ, то ладная колькасць сталічных медыкаў павышэння не спазнала. Затое насельніцтву добра ўвялі ў вушы, што медыкаў ледзь не азалацілі.
У выніку, за 10 месяцаў 2008 году сярэднемесячны заробак па галіне падняўся толькі на 83 тыс. рублёў, а лекарскі — на 146 тыс. Карацей — прывітанне дабрабыту!
Акрамя гэтага, запомніліся і лістападаўскія дзівосы з тарыфнай стаўкай першага разраду, калі з пачатку месяца яе павысілі на 20%, а напрыканцы знізілі на 16%. Прычым, як заўсёды, пра павышэнне галасілі «ва ўсе рупары», а паніжэнне істотнай інфармацыйнай падтрымкай не суправаджалася. Больш за тое, калі народ абурыўся, ва ўсім паспрабавалі абвінаваціць злы МВФ, які не любіць беларусаў і забараняе падымаць ім зарплату пад страхам нявыдачы крэдыту. Можна падумаць, што ўмовы выдачы крэдыту МВФ прыдумаў 15 лістапада 2008 году, і спатрэбілася прымаць тэрміновыя меры.
У новым годзе будзе яшчэ «лепш», асабліва з улікам навагодняй дэвальвацыі на 20 працэнтаў, а таксама інфляцыі і абяцання, дадзенага ўсё таму ж МФВ, не павышаць да лета заробкі бюджэтнікам.
Адміністрацыйны прэс
У мінулым годзе папяровай працы стала яшчэ болей. Колькасць усемагчымых формаў, бланкаў, фармуляраў расце, як снежная гурба. Яны душаць ініцыятыву, адбіраюць працоўны час і ставяць спецыяліста пад заўсёдную пагрозу прымянення санкцыяй за няправільнае вядзенне дакументацыі. Да любога і кожнага можна з гэтым дачапіцца. Усе гэта адчулі на сябе і могуць прыводзіць бясконцыя прыклады.
Акрамя гэтага былі яшчэ і «пятиминутки» дзе «роднае» начальства самасцвярджалася за кошт прыніжэння простых лекараў, прымусовая падпіска на «МВ» і «СБ» з «Беларускім Часам», удзел некаторых з нас у восеньскіх «выбарах у Палату Прадстаўнікоў», калі даводзілася ставіць подпісы там, дзе трэба, і таму, што трэба. Ну і гэтак далей.
Асабліва вызначыўся Камітэт Дзяркантролю, які праводзіў маштабныя праверкі часу з’яўлення на працоўным месцы і заканчэння работы ў лячэбных установах Усходняй Беларусі. Рэспектабельныя супрацоўнікі КГК ладзілі амаль аблавы на цётачак-тэрапеўтак і педыятарак, а З. Ломаць пагражаў суворымі пакараннямі аж да звальнення.
Нікога не звольнілі, бо і так няма каму працаваць, але нервы папсавалі і прэміі паздымалі. Хоць якая, а капеечка ў бюджэт!
Акрамя гэтага, капеечку дапаможа заашчадзіць і атэстацыя працоўных месцаў па ўмовах працы, якая непрыкметна праходзіла ва ўстановах аховы здароўя ўвесь мінулы год. Па выніках атэстацыі апынулася, што ўмовы працы не такія ўжо і шкодныя, як раней, таму дадатковы адпачынак можна скараціць. Акрамя скарочаных адпачынкаў скараціліся таксама выплаты за працу ў шкодных умовах.
Пра гэта афіцыёз сціпла прамаўчаў.
Лібералізацыя і Косінец
25 лістапада 2008-га самы высокапастаўлены беларускі чыноўнік з медычнай адукацыяй памяняў працу. Аляксандр Косінец змяніў пасаду віцэ-прэм’ера на губернатара Віцебшчыны. Фармальна — проста пераход на іншую раўназначную работу, а фактычна — больш неспакойная гаспадарка, дзе адказваеш за ўсё. «Злыя языкі» з ліку «нячэсных журналістаў» так і не сышліся ў тым, за што быў «пакараны адказнасцью» былы віцэ-прэм’ер.
Вядома, што новы кіраўнік адразу схапіўся за сферу, дзе разбіраецца. Вынікам гэтага сталася забарона доступу прадстаўнікоў фармацэўтычных кампаніяў у лячэбныя ўстановы Віцебшчыны. Інфармацыя пра новыя і розныя лекі зараз будзе даводзіцца да лекараў клінічнымі фармаколагамі, стаўка якіх павінна быць створана ў кожнай ЛПУ. Праўда, ніхто не ведае, на якія фонды і магчымасці, але ж «парадак навялі». Якраз у момант, калі шэф новага губернатара абвесціў «татальную лібералізацыю ўсіх сфераў жыцця». Як кажуць «рождённый ползать летать не может».
Дарэчы, Косінцу належыць адноў з найлепшых у мінулым годзе выказванняў пра нашу сферу. Прыводжу на мове арыгіналу: «успешно реализуя государственную программу развития здравоохранения, Беларусь за эти годы выйдет на самое передовое здравоохранение в мире». Вось пасля і думай, хто ты таварыш Косінец…
Ствалавыя клеткі і нястрашны СНІД
У 2008-м жыццё ў медычным свеце віравала, як заўсёды, не пра нас. З найбольш значных падзеяў варта адзначыць аперацыю па трансплантацыі ўчастка бронха, вырашчанага з дапамогай галамнёвых клетак пацыенткі (Doktar.net падрабязна пісаў пра гэта), а таксама тое, што СНІД перастаў лічыцца смяротнай хваробай. Часопіс The Lancet паведаміў пра даследванне брытанскіх навукоўцаў з Брыстолю, дзе даводзіцца, што калі чалавек інфікуецца ВІЧ у 20-ці гадовым узросце, то мае шанец пражыць яшчэ 49 год, дзякуючы сучасным супрацьвірусным лекам. А гэта значыць, што СНІД можа быць пераведзены з шэрагу смяротных у лік доўгатэрміновых хранічных захворванняў, такіх як, напрыклад, цукровы дыябет. З чым мы вас усіх і віншуем!
Шаноўныя калегі! Пры ўсёй складанасці нашага жыцця не пераставайце, як у дзяцінстве, верыць, што дабро перамагае зло! Doktar.net імкнецца дапамагчы Вам знайсці больш добрых людзей! Будзем разам у Новым Годзе!

