Яшчэ раз пра заробкі, альбо няхітрая арыфметыка

Днямі, на сайце радыё «Свабода», са спасылкай на прэсавую службу Нацыянальнага статыстычнага камітэту, былі абнародаваны дадзеныя аб сярэдніх заробках беларусаў у 2008 годзе. Такім чынам, налічаная сярэдняя заработная плата працаўнікоў у Беларусі за 2008 год склала 885600 рублёў, сярэдні заробак па сферы аховы здароўя — 847 тысяч, а тое ж для лекараў — 1 мільён 447,4 тысячы рублёў.
Апошняя лічба ў многіх лекараў не можа не выклікаць здзіўлення, бо такіх грошаў пераважная большасць бачылі хіба толькі перад адпачынкамі, калі выдаюцца т. зв. «адпускныя». Цікава, хто ж у нашай сферы зарабляе так, каб у сярэднім атрымлівалася пад паўтара мільёна?
Першымі ў галаву прыходзяць хірургі і анэстэзіёлагі, занятыя на высокатэхналагічных і складаных аперацыях. У адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 26.12.2005 года, «О совершенствовании материального стимулирования отдельных категорий врачей» іх тарыфныя аклады павышаны на 130–250%. На момант падпісання указ тычыўся каля 3,5 тыс. лекараў (прыблізна 7,5% ад агульнай колькасці, ад усіх лекараў Беларусі). Безумоўна, за апошнія 3 гады, месцаў, дзе праводзяцца такія аперацыі, стала болей (да прыкладу, аперацыя АКШ выконваецца у Мінску, а таксама амаль ва ўсіх абласных цэнтрах), але наўрад ці гэты факт прывёў да значнага павялічэння долі «высокааплатных» лекараў. Ды і павышаны такім чынам заробак, паводле ўласных назіранняў, рэдка калі перавышае 2 млн. у месяц. Са мной згодны і дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандар Мрочак: «Сегодня специалисты, владеющие практически всем спектром кардиохирургических вмешательств, зарабатывают чуть более 2 миллионов. Кардиохирурги, которые выполняют операции, не попавшие в список высокотехнологичных, имеют зарплату ниже — 1–1,5 миллиона рублей». Выказванне гэта ўзята з матэрыяла «Лучшим хирургам страны урежут зарплату?», прысвечанага чуткам, пра тое, што лекараў збіраюцца пазбавіць дадаткаў да заробку за высокатэхналагічныя аперацыі з-за павялічэння колькасці шпіталяў і спецыялістаў, якія гэтыя аперацыі выконваюць. Складаецца ўражанне, што нават тыя нешматлікія «высокааплатныя» калегі ўсё яшчэ не вераць у сваё «шчасце» і ўспрымаюць гэтыя грошы не як справядлівую ўзнагароду за сваю працу, а як часовую «халяву», якая ў любы момант можа скончыцца.
Такім чынам, пытанне «Каму ў нашай галіне „жить хорошо“?», застаецца быццам бы адкрытым… Але, як кажуць, «Sapienti sat». На дзверы жа «высокіх кабінетаў» паказваць не будзем. Хаця б таму, што пальцам паказваць непрыгожа.
Увогуле ж, 1 мільён 447,4 руб. — гэта шмат, ці мала? З аднаго боку і не мала — у 1,6 разоў больш, чым у сярэднім па краіне. Калі б не каэфіцыент сумяшчэння сярод лекараў краіны, які складае 1,39. Пералічыўшы гэтую суму на колькасць гадзін, адпрацаваных у месяц (1,39×5 працоўных дзён х 8 працоўных гадзін у дзень х 4 тыдні = 222 гадзіны), то атрымаецца, што ў гадзіну лекар зарабіў трохі болей за 6,5 тыс. рублёў. Акурат на лустачку хлеба з вараной каўбасой. На масла можа ўжо і не хапіць…
Дарэчы, паводле ўсё таго ж Белстату рэальная налічаная заработная плата (заробак, ацэнены з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у 2008 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам павялічылася на 9,9%. Радыё «Свабода» папрасіла вядомага эканаміста Міхала Залескага пракаментаваць афіцыйныя дадзеныя. Ён распавёў, як у нас ацэньваецца здольнасць на заробленае купіць пэўную колькасць тавараў: «У нас бярэцца малая група тавараў — тыя, на якія ёсьць пэўныя дзяржаўныя датацыі. Вось гэтую групу тавараў спажывае невялікая колькасьць людзей, самыя бедныя. Па-другое, гэтыя тавары ня надта і знойдзеш. Да прыкладу, хлеб каштуе ў краме па 2 тысячы і болей. А дзесці ён ёсць па 900 рублёў. Вось яго ў гэты кошык і закідваюць, па ім і разлічваюць рост. А трэба параўноўваць, як аўстрыйцы. Ёсць Аўстрыйскі інстытут міжнародных параўнанняў у Вене, дык яны бяруць 600 тавараў і паслуг, каб ацаніць рост рэальнай заработнай платы, каб ацаніць пакупніцкую здольнасць грошай і заработнай платы».
Пра раптоўную дваццаціпрацэнтную дэвальвацыю пасля гэтага ўжо і гаварыць не хочацца…

Рубрыкі: Блог Тэгі: , , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

1 Каментар

  1. Змешчана Сакавік 31, 2009 ў 5:47 пп | Спасылка

    "вялiкiя" заробкi лекарау дасягаюцца за конт сумяшчальнiцтва дзяжуроуства. Гэта наша савецкая спадчына.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.