Добро пожаловать в библиотеку лучших книг по медицине!
Такім лозунгам сустракае вас электронная біблятэка Best Med Book.com. Пачаўшы сваю працу 1 верасня 2008 года, бібліятэка ўжо ўтрымлівае 1504 электронныя кнігі, што робіць яе найвялікшай медычнай кніжняй Рунэта.
Галоўная мэта праекта: «сделать профессиональную литературу доступной, а её поиск — удобным». Можна спрачацца на тэму зручнасці пошуку, але даступнасць і разнастайнасць літаратуры на ўзроўні. Кнігі рэпрэзэнтуюць 55 галінаў медычных ведаў, ад тэарэтычных (анатомія, гісталогія, біяхімія) да вельмі практычных (кшталту анэстэзіялогіі, уралогіі ды судовай медыцыны). Сярод выданняў ёсць, як шырокавядомыя і хрэстаматыйныя (кшталту атласа анатоміі Сінельнікава), так і сапраўдныя каштоўнасці для прасунутых спецыялістаў, як «Клінічная анэстэзіялогія» Моргана. Большасць кніг даволі «свежыя» (выпушчаная напрацягу апошніх 5–10 год), прыемна, што ёсць багата карыснай літаратура па-ангельску. Пошук па сайце трэба ажыццяўляць самастойна (то бок няма адмысловага акенца з такой назвай) — бібліятэка падзелена на 55 раздзелаў, дзе кнігі пададзены ў алфавітным парадку. Што да фармата размяшчэння, то найбольш выданняў пададзена ў PDF, далей ідуць djvu і doc. Рызыкну нагадаць, што pdf-файлы адчыняюцца праграмай Adobe Acrobat, djvu — адмысловы фармат для прагляду кніг — чытаецца Win Dj View, a doc, адпаведна — MS Word. Загрузка адбываецца адразу, без непатрэбных клікаў і бязглуздых рэгістрацый. Што праўда, кніжкі даволі «важкія» — як правіла цягнуць на колькі (а то і колькі дзесяткаў) мегабайт. Але як ні круці, спампаваць — не набываць — усё роўна выходзіць нашмат танней.
Дызайн сайта мінімалістыны і таму прыемны — нічога не раздражняе і не адцягвае ўвагу. Сярод іншых опцый ёсць яшчэ падборка навінаў ад Medlinks, а таксама форумы. Апошнія, шчыра кажучы, ня дужа актыўныя, але праз іх можна параіцца са стваральнікам пра тое, дзе можна знайсці патрэбную літаратуру, а таксама падзяліцца сваёй. Найбольш актыўнай прадказальна з’яўляецца рубрыка «СПАСИБО», дзе наведвальнікі выказваюць свае падзякі. Застаецца і мне сказаць «ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ» і пажадаць поспехаў. Усялякіх і неверагодных!
P. S. Таксама дзякуй аўтару блогу happydoctor.ru за карысную падказку.

1 Каментар
Сапраўды цудоўны сайт, ДЗЯКУЙ!
Вельмі хацелася б такі з беларускамоўнай мед.літаратурай. Я паспрабаваў зрабіць электронны варыянт кнігі “Хірургічныя хваробы” Аўтары: С. І. Юпатаў, У. М. Калтанюк у фармаце doc. У тэксце існуюць некаторыя тэхналагічныя недакладнасці, якія, я спадзяюся, з цягам часу выпраўлю (але мне ужо здаецца што гэтыя залішнія злучкі ды іншыя памылкі распазнавання нейкія бессмяротныя)). Дадзеную кнігу у фармаце djvu знайшоў у электроннай бібліятэцы аддзелу тэлемедыцыны Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. Фармат змяніў для больш зручнага выкарыстання.
Спасылка: http://narod.ru/disk/6849786000/%D0%A1.%D0%86.%D0%AE%D0%9F%D0%90%D0%A2%D0%90%D0%8E%20%D0%A3.%D0%9C.%20%D0%9A%D0%90%D0%9B%D0%A2%D0%90%D0%9D%D0%AE%D0%9A%20%D0%A5%D0%86%D0%A0%D0%A3%D0%A0%D0%93%D0%86%D0%A7%D0%9D%D0%AB%D0%AF%20%D0%A5%D0%92%D0%90%D0%A0%D0%9E%D0%91%D0%AB.doc.html
Прапаную як-небудзь паскорыць працэс стварэння электронных версій беларускамоўных медычных кніг.