Дасягненні і прагнозы. Фінансава-дабрабытныя.

У цікавы час жывем. Дынамічны і непрадказальны. Спачатку крызісу ў нас не было, а цяпер з’явіўся. Як водзіцца, дабраўся з чорнага Захаду, каб выпрабаваць нас і нашу ўнікальную беларускую мадэль “рынкавага сацыялізму”. Наяўнасць “тягот и лишений” паціху пачынаюць прызнаваць і самі чыноўнікі.

Напрыклад, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў, міністр фінансаў Андрэй Харкавец паведаміў, што даходная частка дзяржбюджэту па стане на сярэдзіну красавіка выканана на ўзроўні 1 квартала мінулага году.

"Это серьезное отставание, - признал министр. - Поэтому мы подготовили проект уточнения бюджета. Глава государства его уже рассмотрел. Могу сказать, что мы будем существенно, очень и очень значительно, сокращать расходы. За многие годы это самая радикальная ситуация в бюджетном процессе".

Прычым, па словах міністра расходная частка бюджэту закрытая таму што "мы сбалансировали бюджет, поджав все расходы".

Вынікі такіх “поджиманий” усе з нас паспелі адчуць на сябе. Хаця б таму, што рэальна знізіліся нашы заробкі. Як паведамляе “Белорусы и рынок зніжэнне сярэдняга заробку па краіне склала больш за 250 тыс. рублёў (было запланавана 1,157 тыс., атрымалася толькі 906,2 тыс.). Па сферы аховы здароўя сярэдні заробак у лютым павінен быў быць 1,009 тыс. руб., а склаў толькі 963,2 тыс. Вядома, менш, чым у сярэднім па краіне, але факт большай сярэдняй тэмпературы па палаце тут нас наўрад ці пацешыць.

На месцах “балансировка расходов” апісваецца ў 2 словы – “денег нет!”. Няма грошай на імпартныя лекі, расходныя матэрыялы, рамонт медычнай тэхнікі. І не будзе. Хоць і паабяцаў міністр фінансаў выкананне ўсіх сацыяльных праграм, але тут жа агаварыўся, што тэрміны выканання абяцанага могуць быць ссунуты на нявызначаны час. Маўляў "Мы будем принимать решения адекватно имеющимся ресурсам”. Абяцанага ж тры гады можна прачакаць.

Напрыклад, абяцанага павышэння заробкаў з 1 мая хутчэй за ўсё ня будзе. Як мы і прадказвалі. Ды і павышэнне, па словах А. Харкаўца, плануецца ўсяго на 5% ад тарыфнай стаўкі першага разраду. Улічваючы інфляцыю – мы гэтага не адчуем. Хіба па тэлевізары ці па радыё даведаемся пра чарговы акт гуманізму ўладаў.

Сэнсоўнага ж выйсця з сітуацыі пакуль не прасочваецца. Рэцэптамі поспеху на нацыянальным узроўні выступаюць усё тая ж эканомія, а таксама новыя крэдыты.

На ўзроўні нашай сферы таксама няма еднасці. З аднаго боку “лячыце беларускім”, падтрымлівайце айчыннага вытворцу , а з іншага боку – павялічвайце аб’ёмы платных паслуг. Часта парадаксальна і проста смешна. Напрыклад у Віцебскім скурвендыспансэры ў падвале арганізавалі салярый. Атрымліваецца – з аднаго боку пацыентам распавядаюць пра шкоду ультрафіялета для скуры, а з іншага тут жа прапануюць “усугубить”. Ці ў скурвендыспансэры і салярый лекавы. Тады маглі б побач прыладзіць невялічкі публічны дом. У лячэбна-прафілактычных мэтах.

У многіх шпіталях стварылі спісы лекаў, якія пацыент можа купіць за свае грошы праз шпіталь без гандлёвай нацэнкі. Пачынанне здаецца някепскае – у духу свабоды выбару і заяўленай лібералізацыі. Але зрабіць спісы максімальна шырокімі не адважыліся – лясне ж міф пра бясплатную медыцыну, і пакрыўдзяцца айчынныя фармвытворцы. Таму і аддачы належнай няма.

Хаця ёсць сапраўдныя “крэатыўныя бізнэсмены” і ў айчыннай дзяржмедыцыне. Пасля выхаду пісьма МЗРБ “Об упорядочении посещения организаций здравоохранения представителями фармацевтических фирм” адміністрацыя адной з паліклінік Брэста прыдумала браць з грошы з фармкампаній за дазвол наведваць дактароў і выступаць перад калектывам. Прычым усё цывілізавана – з падпісаннем дамовы і “безналам”.

Але ў асноўнай масе, начальнікі ад медыцыны не адрозніваюцца ад астатняга народа ў стаўленні да крызісу. “Новые известия” прыводзіць дадзеныя ВЦИОМ аб тым што жыхары Беларусі ў адрозненне ад расіян і ўкраінцаў схільныя прадказваць хуткае заканчэнне праблем у эканоміцы і стабілізацыю сітуацыі. Па словах іншых сацыёлагаў беларусы эканомяць менш, чым жыхары суседніх з намі з паўднёва-усходняга боку краін. Часцей сваіх суседзяў з-за крызісу вымушаны эканоміць украінцы — 67%. Аналагічны адказ даюць 43% расіян і толькі 30% беларусаў. Жыхары Беларусі часцей сцвярджаюць, што ім штосьці даводзіцца ашчаджаць, а штосьці – не (50%), альбо ўвогуле эканоміць не даводзіцца (16%).

Высвятляць на чым грунтуецца ўпэўненасць народа – справа сацыёлагаў і палітыкаў. А наша справа – зацягнуць тужэй паясы. Нам не прывыкаць.

Рубрыкі: Аналітыка, Блог Тэгі: , , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.