Як паведамляе Еўрарадыё – Беларусь прадае за мяжу частку запасаў донарскай крыві для атрымання лекаў. Пра гэта паведаміў дырэктар інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Валатоўскі.
Паводле яго слоў, кроў пастаўляецца для вытворчасці лекавых прэпаратаў. Валатоўскі адзначыў, што не бачыць у гэтым "ніякіх этычных праблем. За прададзеную кроў дзяржава атрымлівае валюту”.
Разам з тым ён адзначыў, што "калі ў Беларусі будуць рэалізаваныя навукова-тэхнічныя праграмы па біятэхналогіях, то наша краіна зможа сама вырабляць лекі на аснове кампанентаў крыві, якія цяпер закупляюцца за мяжой. Тады не будзе патрэбы прадаваць донарскую кроў.
Хоць з эрытрацытнай масай і свежазамарожаная плазмай праблем няма, унутрывенны імунаглабулін, які актыўна выкарыстоўваецца ў практыцы інтэнсіўнай тэрапіі, заўсёды быў замежны. Апошнім часам украінскі. Не дарос яшчэ да яго РНПЦ гематрансфузіялогіі. Дарэчы, як і да больш простых рэчаў – тую ж плазму расфасоўваць не ў пакеты па 200-400 мл, а па 50-100. Мяркуйце самі – ў Мінску 8 радзільняў, 3 аддзялення нэанатальнай рэанімацыі і 4 дзіцячыя бальніцы. І ў кожным з гэтых месцаў раз-пораз бываюць дзеці, якія патрабуюць пералівання кампанентаў крыві. Самая хадавыя былі бы дозы. А то зараз на кожнага пацыента мусіць скарыстоўвацца цалкам увесь пакет 400 мл – з іх 50 у хворага, а астатняе – ў сметніцу. Тое ж самае адбываецца і з эрытрацытнай масай. І гэта толькі адна са шматлікіх магчымасцяў зэканоміць грошы ў сучаснай ахове здароўя.
А ўвогуле, някепскі, мабыць, бізнес. Улічваючы прэзумпцыю згоды на забор органаў, актыўнасць і зладжанасць профільных структур у гэтай сферы і растучую смяротнасць ад знешніх прычын, Беларусь мае выдатныя перспектывы на экспарт не толькі крыві, але і донарскіх печаняў і нырак. Тым больш што палітычна-гандлёвыя адносіны з Еўропай усё паляпшаюцца. Чым не рынак збыту. Гэта, безумоўна, жарт. Спадзяюся, такім і застанецца.
