Эпідэмія свінога грыпу “удала” спалучылася з сусветным фінансавым крызісам. Хтосьці успрыняў яе як знак хуткай гібелі чалавецтва – і абрынуўся ў дэпрэсію, а некаторыя актывізаваліся – і апранулі рэспіратар. Шмат хто проста рабіў сваю працу – лячыў, даследаваў ці ладзіў санітарныя праверкі ў аэрапортах. Але багата хто займеў дывідэнды – зарабіў грошы (законна і ня надта), абараніў айчынную сельгасвытворчасць, нарасціў палітычны капітал, ці проста пасмяяўся. Эпідэмія пакуль не стала пошасцю, але пытанні застаюцца.
Свіна-птушына-чалавечы вірус
У “жывёльным” паходжанні віруса грыпу А H1N1 (так правільна ён называецца, адпаведна крытэрам СААЗ) няма нічога дзіўнага. Як сцвярджаюць навукоўцы, многія эпідэміі вірусных інфекцый пачынаюцца з жывёл – узгадайма тую ж ВІЧ-інфекцыю, якая пачалася ад малпаў. Пераход на чалавека адбываецца праз змены ў складзе віруса і мадыфікацыі ягонай вірулентнасці. Згаданы H1N1 адносіцца да т. зв. “рэасартантных вірусаў” і мае ў сваім геноме 2 гены ад вірусаў грыпу, якія звычайна цыркулююць сярод свінняў у Еўропе і Азіі, а таксама гены ад вірусаў грыпу птушак і чалавека. Такі “генны кактэйль” стварае пэўныя цяжкасці ў прагназаванні “паводзінаў” віруса ў плане далейшай зменлівасці патагеннасці і вірулентнасці. І калі ў нашай палове Свету перспектывы ў новага грыпу зараз незайздросныя па прычыне непадыходзячага сезону, то сітуацыю ў краінах суседняга паўшар’я прадказаць наўрад ці хто возьмецца. На 11 мая ў Свеце 30 краін афіцыйна паведамлялі пра 4694 выпадкаў грыпу A(H1N1) (сярод іх і Польшча), а колькасць смяротных выпадкаў дасягнула 49.
Пра санітарны кардон, сала і айчынныя метады абароны
З-за падобнай нявызначанасці напачатку прапаноўваліся разнастайнейшыя метады абмежавання новай пошасці – ад закрыцця межаў з Мексікай і забароны падарожжаў у “інфіцыраваныя” краіны, да татальна-прымусовага нашэння хірургічных масак і медыкаментознай прафілактыкі. На цяперашні момант эксперты СААЗ прызналі неэфектыўным абмежаванне падарожжаў, санітарныя кардоны і закрыццё межаў. Было рэабілітавана свіное мяса, якое дастаткова падвяргаць тэмпературнай апрацоўцы ў 80°С, каб выключыць магчымасць заражэння. Апошні факт, дарэчы, не перашкодзіў беларускім уладам забараніць імпарт свініны з Польшчы, ды іншых краін, дзе паведамлялася пра выпадкі інфекцыі. Што ж – айчыннага вытворцу кожны падтрымлівае як можа. Цікава, што будзе рабіць афіцыёз, калі грып дабярэцца да Расіі. У Беларусь, амаль упэўнены, ён ніколі не патрапіць. І не таму, што мы закрытая краіна, ці таму што маем выдатную медыцыну, а таму што ў нас найцудоўнейшая статыстыка, якая, калі трэба, цалкам сябруе з прынцыпам “революционной целесообразности”. Дарэчы, днямі знаёмая пыталася – ці можна цяпер саліць сала. Давялося звяртацца да сайту амерыканскіх CDC (Centers for Diseases Control and Prevention) каб знайсці, што вірус захоўваецца на паверхнях ад 2 да 8 гадзін. Відавочная недапрацоўка айчынных санслужб, “вапіюшчае” недаўлічэнне нацыянальных асаблівасцяў. Shame on them!
Озэльтамівір, занамівір і вакцынацыя
Фатальнасці грыпу H1N1 не дадае наяўнасць эфектыўных лекаў для ягонага лячэння. З двух іх відаў (озэльтамівіру ды занамівіру) у Беларусі ёсць толькі першы, вядомы пад гандлёвай маркай “Таміфлю” фірмы Roche. Упакоўка з 10 капсул, якіх дастаткова на 1 сярэдні курс тэрапіі, каштуе больш за 90 тыс. рублёў.
СААЗ ужо стварыла глабальны запас озэльтамівіру, які складае каля 5 мільёнаў курсаў лячэння дарослых людзей. Размеркаваны прэпарат будзе паміж краінамі трэцяга Свету, куды ў пачэсную кампанію з Буркіна-Фасо ды Угандай патрапілі Грузія, Арменія ды Украіна. Эканамічна развітыя краіны стварылі запасы прэпаратаў самастойна. Мяркуецца, што запас лекаў дазволіць затрымаць развіццё эпідэміі да таго часу пакуль не будзе створана вакцына, працэс сінтэзу якой займае звычайна да 6 месяцаў.
Разнастайныя бонусы і дывідэнды
Няцяжка здагадацца, што ў Roche крызісу няма – попыт на “Таміфлю” шалёны – толькі паспявай вырабляць. Дарэчы, прэпарат эфектыўны таксама і для тэрапіі “птушынага” грыпу H5N1. Пашанцавала людзям двойчы патрапіць у патрэбнае месца і патрэбны час. Некаторых гэта наводзіць на антыглабалісцкія думкі – маўляў і “свіны” грып і СНІД прыдумалі карпарацыі, каб цягнуць грошы з людзей. Маўляў – ніхто не бачыў вірусы нават з лупай, а ва ўсім вінавата кепская экалогія, падарваная ўсё тымі ж карпарацыямі. Вядома, электронным мікраскоп – не лупа, даступна не ўсім, але вірусы пад ім такія ж відавочныя, як мухі няўзброеным вокам. Ды і занадта шмат аўтарытэтных навукоўцаў давялося б “купіць”, каб яны складна хлусілі б пра неіснуючую эпідэмію. Улічваючы кошт рэпутацыі і добрага імя ў Заходнім Свеце, ні ў адной фармкампаніі грошай ня хопіць.
Але грошы на новай пагрозе можна рабіць без асаблівых капіталаўкладанняў. Напрыклад, у тых жа Штатах нядаўна была прыпынена дзейнасць дзесяткаў сайтаў, які праз Інтэрнэт прадавалі сродкі для лячэння свінога грыпу. Адзін з круцялёў за за $199 прапаноўваў набор для абароны ад інфекцыі – шампунь, ласьён, кандыцыянер і мыла на аснове срэбра. Другі для аналагічных мэтаў прадаваў раствор з іёнаў срэбра, эхінацэі, эўкаліпта і мяты. Дарэчы, расійскія фармфірмы таксама адзначыліся – паспяшаліся заявіць пра стварэнне новага прэпарата для лячэння грыпу H1N1, а таксама прапіярыць у сувязі з гэтай інфекцыяй адны гамеапатычныя лекі. Як кажуць – “кому война, а кому и мать родная”.
А яшчэ “свіны” грып – падстава для гумару. На прыёме для прэсы Барак Абама, узгадваючы сваё нядаўняе саперніцтва з Хілары Клінтан падчас прэзідэнцкай гонкі, жартам выказаўся, што, днямі прыехаўшы з Мексікі, дзяржсакратар Клінтан адразу кінулася яго абдымаць і цалаваць.
Такім чынам, не будзем і мы губляць аптымізму. Дадатковую інфармацыю па праблеме грыпу H1N1 можна знайсці тут (па-руску), а таксама тут (па-ангельску).

