Стэрылізацыя асацыяльных жанчын, як метад выканання дэкрэта Прэзідэнта

Днямі на сайце "Беларускі партызан" была змешчана інфармацыя, што ў Нясвіжскім раёне 78% асацыяльных жанчынаў прайшлі ўвядзенне ўнутрыматачных спіраляў ці стэрылізацыю. Пра новыя падыходы ў справе дэмаграфічнай бяспекі на падставе дэкрэта Прэзідэнта № 18 у інтэв’ю Еўрарадыё акушэра-гінеколага Нясвіжскага гарадскога шпіталя Святланы Давыдзькі і разважаннях Doktar.net.Правядзенне стэрылізацыі рэгламентуецца адпаведнай інструкцыяй аб парадку правядзення стэрылізацыі. Цікава што там ўвогуле не прапісаныя паказанні для гэтага метаду кантрацэпцыі, а сярод супрацьпаказанняў няма сацыяльных — толькі медычныя. Разам з тым зроблены акцэнт на абавязковую згоду пацыента на згаданую маніпуляцыю. Зразумела, што "асацыяльны лад жыцця" там таксама нідзе не згадваецца. Тым ня менш, па словах акушэра-гінеколага Нясвіжскага гарадскога шпіталя Святланы Давыдзькі, толькі сёлета ў раёне былі стэрылізаваныя дзве «асацыяльныя» жанчыны, а 78% асацыяльных жанчынаў прайшлі ўвядзенне ўнутрыматачных спіраляў ці стэрылізацыю.

Святлана Давыдзька: «Дзве сацыяльныя: адна Стаўбцоўская, адна — Нясвіжская, у нас прайшлі мінілапаратомную стэрылізацыю».

Па словах калегі пагаджаюцца на гэту аперацыю толькі каля 10 адсоткаў з тых, хто патрапіў у спісы сацыяльна нядобранадзейных.

Святлана Давыдзька: "…трэба ўлічваць болевы момант. Але ў цэлым некаторыя з іх пагаджаюцца. Не ў сваёй большасці, а часткова — дзесьці каля 10 адсоткаў ад агульнай колькасці тых, хто праходзіць у нас па стацыянары".

Спецыяліст нагадала, што тлумачальную працу аб неабходнасці стэрылізацыі сярод жанчын, якія вядуць «асацыяльны лад жыцця» праводзяць не толькі гінеколагі, а і ўчастковыя тэрапеўты.

Святлана Давыдзька: "У адпаведнасці з загадам (МЗРБ) усе без выключэння павінны гэтым займацца: і вузкапрофільныя спецыялісты, і ўчастковыя тэрапеўты. Менавіта з такім сацыяльна неўладкаваным кантынгентам. Займаюцца гэтым і першаснае медычнае звяно — фельчарска-акушэрскія пункты, сельскія ўрачэбныя ўчасткі. Усе займаюцца. Ёсць дакладныя спісы жанчын сацнеўладкаванага кантынгенту на кожным участку. У тым ліку, і ў нас у горадзе. Зразумела, што група рэпрадуктыўная, гэта — узрост 17–45 плюс дзяўчынкі, якія вядуць палавое жыццё і адносяцца да сацфактара, павінны быць забяспечаныя кантрацэпцыяй. Такая ў нас ёсць устаноўка, і таму мы працуем мэтанакіравана ў гэтай групе".

Таксама па словах калегі, займацца такой работай іх абавязвае Дэкрэт Прэзідэнта № 18 "О ДОПОЛНИТЕЛЬНЫХ МЕРАХ ПО ГОСУДАРСТВЕННОЙ ЗАЩИТЕ ДЕТЕЙ В НЕБЛАГОПОЛУЧНЫХ СЕМЬЯХ".

Святлана Давыдзька: "У нас па сацфактары ёсць Дэкрэт прэзідэнта — спецыяльная праца па сацфактары. І тут не тое, што нейкая нашая ініцыятыва. Заўсёды ў першую чаргу спытаюць жаданне жанчыны. І яна заўсёды піша нам заяву. І ніхто не прымушае іх сілком. Насілле тут не прадугледжваецца і адсутнічае".

Еўрарадыё: "Вы маеце на ўвазе Дэкрэт прэзідэнта № 18?"

Святлана Давыдзька: "Так".

Уважліва прачытаўшы згаданы Дэкрэт знайшоў толькі 2 месца, дзе ўзгаданыя работнікі нашай сферы. У пункце 21 пагрозліва напісана, што

"Руководители и другие работники учреждений образования, здравоохранения, органов внутренних дел, иных государственных органов и организаций несут дисциплинарную ответственность в соответствии с законодательством о труде вплоть до освобождения от занимаемой должности за несообщение о ставших известными им фактах о ненадлежащем выполнении родителями обязанностей по воспитанию и содержанию детей".

У іншым пункце гаворыцца пра тое, што работнікі аховы здароўя удзельнічаюць ва ўліку такіх дзяцей. І ўсё — ні табе пра кантрацэпцыю ўвогуле, ні пра стэрылізацыю ў прыватнасці, ні нават пра работу з сацыяльна недабрабытнымі бацькамі ў прынцыпе. Але цалкам магчыма, што абласное медычнае начальства напалоханае "дисциплинарной ответственностью" сканкрэтызавала ўсё да абсурду.

У працяг гэтай гісторыі адно з інфармагенцтваў паведаміла (са спасылкай на намесніка начальніка аддзялення ўнутраных спраў Нясвіжа Міхаіла Шчэрбу), што мясцовыя міліцыянеры "рэгулярна тлумачаць неабходнасць і рэкамендуюць жанчынам, пазбаўленым бацькоўскіх правоў, якія вядуць асацыяльны, амаральны лад жыцця, прайсці стэрылізацыю".

Як казаў адзін вядомы кінагерой "Меня терзают смутные сомнения". З аднаго боку — справа някепская, бо няма сіл глядзець на гэтых жанчын, якіх не паспяваюць пазбаўляць бацькоўскіх правоў, як яны ізноў становяцца мамамі, прадукуючы на Свет новых алкагольных энцэфалапатаў і гіпатрофаў. А з іншага — нельга цалкам выключыць, што ў асобна ўзятым раёне не пачнуць прыцягваць міліцыю да атрымання згоды на правядзенне стэрылізацыі. Для таго, каб паказчыкі былі прыгажэй і каб абарона грамадства ад "заблудшей овцы" была больш надзейнай. Нават модны зараз еўрапейскі досвед можна пад абгрунтаванне падвесці. У той жа Швецыі ў перыяд з 1935–1976 гады было праведзена 63000 аперацыі па стэрылізацыі, з якіх толькі палова па добрай волі пацыента — мясцовыя сацыял-дэмакраты імкнуліся арганізаваць жыццё соцыюма на падставе рацыяналізма і калектывізма. Скандынавам спатрэбілася тры дзесяцігоддзі каб усвядоміць прыярытэт правоў асобнага чалавека над грамадствам і абстрактным прагрэсам. У нас жа пакуль "Государство для народа", таму трэба быць гатовым да ўсяго.

Рубрыкі: Блог Тэгі: , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.