Як паведаміла радыё «Свабода» са спасылкай на МЗРБ — да 1-га чэрвеня ў рэгіянальных медычных установах Беларусі адбудуцца змены, скіраваныя на эканомію бюджэтных сродкаў. Гэта значыць, што скароціцца колькасць месцаў у невялічкіх шпіталях, зачыніцца шэраг участковых бальніцаў і ФАПаў.Напрыклад, у Баранавіцкім рэгіёне будзе скарочана 90 коек, што, па словах мясцовага медычнага чынавенства, дазволіць зэканоміць за паў гады да 240 мільёнаў рублёў толькі на медыкаментах і харчаванні. Парадаксальным чынам пад скарачэнне трапяць наркалагічныя, супрацьсухотныя і хірургічныя койкі.
Па інфармацыі галоўнага лекара гарадскога шпіталя Аляксандра Лабковіча, пачынаючы ад 2002 году колькасьць ложкаў у мясцовых лекавых установах скарацілася на 250 і складае на сёння дзве тысячы. Менш чым праз месяц іх будзе мінус 50.
Рашэнне гэтае, рацыянальнае з гледзішча арганізатара аховы здароўя, з агульначалавечых пазіцый не выглядае як жэст гуманнасці і клопату. Разлік чыноўнікаў зразумець проста — акрамя эканоміі на леках і харчаванні здымаецца яшчэ адзін галаўны боль — пошук вечна дэфіцытных лекараў, якія мусяць "адпрацоўваць" гэтыя койкі. А так проста і элегантна — няма коек, няма і праблемы. Ды і тым калегам, што зараз працуюць на 1,5 стаўкі будзе нагода менш заплаціць у сувязі са звужэннем «зоны обслуживания». Карацей — куды не зірні — усюды выгада. Дарма што для наменклатуры, а не для грамадства.
У грамадстве ж хворых менш не становіцца. І паміраюць яны з усё большай актыўнасцю. На той жа Берасцейшчыне, дзе і адбываецца апісаная «рэарганізацыя», смяротнасць за апошні год павялічылася на 3,6%. Цікава, што прырост смерцяў ад выпадковых атручванняў алкаголем склаў 13,6% — самы час скарачаць наркалагічныя койкі. Пра сухоты я ўжо і не кажу — як грошы ад ААН атрымліваць на змаганне з тубінфекцыяй — дык мы ласыя, а на справе можна і пару профільных больнічак зачыніць — капеечка ж да капеечкі.
«Вызваленыя» пацыенты мусяць зараз лячыцца амбулаторна — у паліклініцы ці дзённым стацыянары пры ёй. Тут таксама не без навацый. З мінулага месяца пацыенты дзённых стацыянараў аплачваюць тэрапію самастойна. Прыклад такой сітуацыі ў Мастоўскім раёне прыводзіць журналіст «Свабоды». У мястэчку Лунна зачынена ўчастковая бальніца. Зараз тут дзейнічае амбулаторыя з дзённым стацыянарам, якая абслугоўвае больш як дзве тысячы пацыентаў. Цяпер кожны, хто прэтэндуе на дзённы стацыянар, павінен прыносіць свае лекі альбо набываць іх у аптэцы, якая існуе пры амбулаторыі. Пры гэтым, толькі каля сотні пацыентаў дзённага стацыянара карыстаюцца ільготамі. Ня дзіва, што колькасць жадаючы «падлячыцца» апошнім часам паменела. Постмадэрнавай пікантнасці сітуацыі надае той факт, што бліжэйшы шпіталь знаходзіцца ў 10 км ад тых мясцінаў і прамога аўтобуса туды няма.
Тым часам кошты на лекі няўхільна растуць. Белапан са спасылкай на Белстат, прыводзіць лічбу росту ў 11,8% з пачатку года. І гэтай тэндэнцыі ня бачна канца — толькі за красавік кошты дадалі 2,4%. Як прадказваюць спецыялісты, рост да канца году можа дасягнуць 20–30%. Імпартазамяшчэнне тут істотна не дапаможа, бо толькі 1/6 частка лекаў, зарэгістраваных у Беларусі вырабляецца на айчынных заводах. Прадстаўнікі замежных фірм вытворцаў лекаў цвердзяць што рэзерваў для зніжэння коштаў няма. Тут варта зазначыць што ў сельскай гаспадарцы, сферы, дзе працуюць пацыенты згаданай амбулаторыі, сярэдні месячны заробак за 1-ы квартал склаў 617 тыс. руб. Падобна, збываецца прароцтва аднаго палітыка, які сказаў «Наш народ будет жить плохо, но не долго». Не бачу падставаў тут аддзяляць сябе ад народа, хаця б таму што сярэдні заробак па ахове здароўя за той жа перыяд усяго толькі на 20% больш чым у сельскай гаспадарцы. Больш за тое — зэканомленыя грошы гэтую розніцу не павялічаць, бо іх, як звычайна, ніхто з простых працаўнікоў скальпеля і фанендаскопа не пабачыць.
Але ж ёсць і для нашых месца ў крэатыве. Як паведамляе Еўрарадыё: "Аддзел ідэалогіі пінскага гарвыканкаму пачаў фармаваць інфармацыйныя групы са студэнтаў Палескага ўніверсітэта і навучэнцаў пінскага медыцынскага каледжа". Дакладней — са студэнтаў ўніверсітэта і студэнтак каледжа (бо там іх абсалютная большасць)." Маладыя прапагандысты ўжо зрабілі некалькі рэйдаў па працоўных калектывах горада, дзе даводзілі перавагі існуючага ў Беларусі ладу". Міжволі згадваюцца конкурсы прафесійнага майстэрства медсясцёр дзе абавязковым элементам ёсць выхад у купальніках. Прынамсі так прасцей сабе ўявіць наколькі разнастайнымі могуць быць метады прасоўвання дзяржаўнай ідэалогіі. Варта толькі правільна далучыць да гэтай справы маладзенькіх будучых медсясцёр.
