Міжнародная ўзнагарода — беларускай медсястры

Медаль імя Флорэнс Найтынґейл. Interfax.by

Медаль імя Флорэнс Найтынґейл. Interfax.by

Добрая навіна прыйшла ўчора з Жэневы. Як паведамляе Interfax Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа ўзнагародзіў медалём імя Флорэнс Найтынґейл беларускую медсястру Ніну Блізнюк. Спадарыня Блізнюк вось ужо 42 гады працуе медсястрой міласэрнасці ў Беларускім Чырвоным Крыжы. За самаадданую дапамогу і служэнне прыкутым да ложку самотным людзям і атрымала яна гэты медаль — найвышэйшую і самую прэстыжную міжнародную ўзнагароду, якую толькі можа атрымаць медсястра.

Медаль імя Флорэнс Найтынґейл заснаваная ў 1912 годзе Міжнароднай канферэнцыяй Чырвонага Крыжу. Ёю ўзнагароджваюцца дыпламаваныя медсёстры за асаблівыя самаадданыя ўчынкі ў дачыненні да хворых людзей у мірны ці ваенны час, за выключныя маральныя і прафесійныя якасці, гуманізм і міласэрнасць. Улічваючы тое, што працаўнікоў сярэдняга звяна медыцыны больш за 13 мільёнаў па ўсім Свеце, узнагароджанне менавіта нашай суайчынніцы асабліва грэе душу. Ад усяго сэрца віншуем калегу і зычым здароўя, моцы і трываласці!

Калі аўтарытэт і заслугі лаўрэатаў медалі імя Флорэнс Найтынґейл пытанняў не выклікаюць, то мясцовыя конкурсы далёка не такія адназначныя. Напрыклад, лепшай медсястрой педыятрычнага профілю ў Беларусі ў мінулым годзе была прызнана анэстэзістка аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі РНПЦ «Маці і дзіця». Здавалася б што тут дзіўнага — і профіль аддзялення сур’ёзны і анэстэзісткі звычайна — гэта high class сястрынскай работы. Цікавостка ў тым, што працуе спецыяліст у аддзяленні для дарослых жанчын і дзяцей бачыць на адлегласці не бліжэй за 2 метра, калі іх дастаюць з аперацыйнай раны на кесаравым сячэнні. Калі гэта «педыятрычны профіль», то вельмі ўжо нацягнуты. У той жа час і ў тым жа Цэнтры ёсць велізарнае аддзяленне рэанімацыі нованароджаных, дзе працуюць унікальныя сёстры з дваццацігадовым стажам, віртуознымі навыкамі, найкаштоўнейшым досведам і ўсеабдымнай любоўю да дзяцей. Апошнюю сваю някідкую якасць яны сцвярджаюць штодня, бо амаль кожнае дзяжурства — выпрабаванне на трываласць і душэўную моц. Усё мянялася за гэтыя дзесяцігоддзі — хворых дзяцей усё больш, метады лячэння ўсё складаней, тэхналогіі ўсё вышэй, адно было нязменна — работа на паўтары стаўкі, за сціплы заробак. Ды што там заробак — «Вялікі дзякуй» чулі рэдка. І не сыходзяць, хаця маладзейшыя разбягаюцца як пацукі ад «Ролтана», хаця прапановаў працы процьма, а асабістае жыццё, дзякуючы працы, у многіх склалася не так як хацелася б. Сціплыя салдаты нябачных баёў са смерцю, маўклівыя карыятыды, якія трымаюць гнілую і ілжывую канструкцыю пад назвай «белорусское здравоохранение». Нізкі вам ПАКЛОН!

Рубрыкі: Блог Тэгі: , , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.