Кар’ерысты, альбо цынізм “без страха и упрёка”

Днямі ў СБ быў змешчаны матэрыял “Вверх по лестнице”, які варты залатога медаля ў адной з дысцыплін – “цынізм, небяспечны для грамадства” ці “журналісцкая тупасць”. Якая з іх больш пасуе – кожны вырашыць сам.


http://www.sb.by/images/articles/9/136/vrach1.jpg

Кірыл Барсукоў -- чалавек фенаменальнай кареры. Фота І. Мендзялеева.

Артыкул прысвечаны таму, як лёгка рабіць кар’еру ў глыбінцы, дзе маладым, ініцыятыўным ды адказным работнікам “везде дорога”.

Першы прыклад – 26-гадовы загадчык хірургічнага аддзялення Касцюковіцкай ЦРБ Кірыл Барсукоў, які па заканчэнні універсітэта мэтанакіравана паехаў па размеркаванні не ў прысталічны Барысаў, а на Гомельшчыну. Адбыўшы стажыроўку, праз восем месяцаў самастойнай дзейнасці, гэты ружовашчокі маладзён (пацверджанне -- на фотаздымку) стаўся загадчыкам аддзялення. Менавіта гэты факт і прывёў “чэсную” журналістку ў стрыманы эпісталярны экстаз: “в наши дни стремление делать карьеру скорее похвально” ды “главврач больницы Леонид Шилько не нарадуется на молодого коллегу”.

Усюды на Захад ад Беларусі каб стацца лекарам-спецыялістам трэба не менш за сем, а то і дзесяць год паслядыпломнай адукацыі і практыкі. А ў нас – мала таго, што ты праз год стажыроўкі хірург, дык яшчэ і праз год і восем месяцаў – галоўны хірург, хай сабе і ў раённым маштабе. Без досведу, амаль без практыкі, без майстэрства і катэгорыі. Старэйшы каманды такіх жа самаўпэўненых бэйбусаў (“Врачи отделения — мои ровесники” – прызнаў Кірыл). Чаму самаўпэўненых? Таму што кожнаму пасля стажыроўкі здаецца, што здольны выратаваць увесь Свет, пакуль жыццё не выб’е тварам аб глебу, гэтыя саплівыя мроі. Няясна толькі, за што такое “шчасце” жыхарам Касцюковічаў і ваколіц? Чым яны горш за суайчыннікаў у гарадах стотысячніках ды мільённіках? Колькіх з іх звядзе ў Лепшы Свет ці зробіць інвалідамі гэтая кампанія, пакуль навучыцца аперыраваць? Безумоўна, усю планавую хірургію, можна (прынамсі тэарэтычна) “спіхнуць” у абласны цэнтр. Але ёсць яшчэ і хірургія экстранная, а таксама неадкладная, багатая на сітуацыі, дзе і вопытны спецыяліст можа мець “мокрыя штаны”. Але ж на райне не страшна -- усё хібы пакрыюцца сваім жа патолагаанатамам ды адміністрацыяй ЦРБ, а сваякі хутчэй за ўсё так і не даведаюцца што “мог (магла) бы і жыць”. А сацыяльная справядлівасць, якасць і даступнасць – усё гэта дзе? Адказ у рыфму кожны хай кожны прыдумае сам.

Безумоўна, у Касцюковічы д-р. Барсукоў ехаў па пасаду. Як выказаўся адзін з калег – “хацеў бы стаць хірургам – сядзеў бы ў Барысаве, прычапіўшыся да дасведчанага аксакала”. Ды ён і сам не хавае таго, што хоча быць начмедам і прасоўвацца далей па адміністрацыйнай лесвіцы. У імкненні кіраваць і расці ў кар’еры нічога ганебнага няма — наадварот. Але кіраванне таксама патрабуе адукацыі, вопыту і пэўных здольнасцяў. Дапусцім, што наш малады герой кіраваў з маленства – назапашваў досвед ад школьнага БРСМу праз стараства ва ўніверсітэце і сяржанцтва ў войску. Магчыма і здольнасцяў падобных праз усе дзіркі. Але праца загадчыка аддзялення – гэта, акрамя лячэбных, яшчэ і фінансавыя і кадравыя і адміністрацыйныя пытанні, прычым даволі спецыфічныя. Дапамагчы быць паспяховым у гэтай справе можа спецыялізаваная адукацыя ці працяглы перыяд пераймання вопыту. Нічога гэтага не было. І зараз дзе знайсці час на ўдасканалення майстэрства хірурга, штодзённую папяровую руціну і разрульванне пытанняў. Найпрасцейшы спосаб захавання пасады і псіхікі ў такой сітуацыі – з выглядам энцэфалапатнага Goofy глядзець у рот начальству і трымацца ягоных указанняў. Праўда добрым кіраўніком наўрад ці станеш (адсохне здольнасць самастойна мысліць), але падобныя якасці і так не шануюцца сучасным істэблішментам. Ды і магчымыя прафесійныя “залёты” і “праколы”, дапушчаныя праз маладосць ды недасведчанасць, стануць для кіраўніцтва тым “тапкам” якога адразу “выпішуць шчанюку”, калі раптам задумае гарэзіць і мець меркаванне, адрознае ад слушнага.

Увогуле, ва ўсёй гэтай сітуацыі яскрава бачны цынізм не толькі сістэмы аховы здароўя, але і ўсёй дзяржавы ў цэлым. Чаму ў асобна ўзятай ЦРБ не засталося хірургаў старэйшых за 30 год? Іх што свінячы грып паеў? Ці прафесійны трыхінелёз з газавай гангрэнай? Чаму прызначылі на пасаду загадчыка лекара без катэгорыі, праігнараваўшы ўсю нарматыўную практыку МЗРБ? І чаму “галоўная газета краіны” не крычыць пра катастрофу з хірургічнай дапамогай у горадзе К, а цынічна піярыць непрафесіяналізм (хай сабе невымушаны)? За каго лічаць нас чыноўнікі ад медыцыны і не толькі, калі ўцямны чытач "у два ходы" зробіць выснову – на раёнах жыве быдла, на ім можна патрэніравацца і кар’еру зрабіць. Ці я драматызую і, згаданы на пачатку, залаты медаль трэба даваць у другой намінацыі? На жаль досвед паказвае, што як правіла, журналісты не пры чым.

Рубрыкі: Блог. Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.