Аказваецца "Чырвоны Крышталь", гэта не новы гатунак гарэлкі аднайменнага мінскага заводу, а чарговая эмблема Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа. Як паведаміла БелаПАН 4 снежня Палата Прадстаўнікоў прыняла законапраект у адпаведнасці з якім гэты самы крышталь стане для Беларусі трэцяй афіцыйнай эмблемай арганізацыі. Трэці сімвал (у дадатак да Чырвонага Крыжа і Паўмесяца) быў зацверджаны яшчэ 2 гады таму як сродак ад незадаволенасці Ізраілем існуючымі двума. Зараз жа прадстаўнікі гэтай краіны могуць паўнавартасна ўдзельнічаць у дзейнасці Камітэта пад знакам "Чырвонага Крышталю", які выглядае як чырвоны ромб. На тэрыторыі Ізраілю ў гэты ромб можа быць упісаны і чырвоная "зорка Давіда", а нацыянальныя аддзяленні Міжнароднага Камітэту маюць зараз права зрабіць тое ж самае з Крыжам і Паўмесяцам. Карацей, паліткарэктнасць "жжот", але такі вось ён -- сучасны цывілізаваны Свет. У сувязі з гэтым можна ў кулуарах паразважаць з калегамі на наступныя тэмы:
- Як зараз будзе называцца Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа -- няўжо Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа, Чырвонага Паўмесяца і Чырвонага Крышталю? Як будзе выглядаць абрэвіятура такой назвы -- няўжо МКЧКЧПЧК?,
- Ці будзе змяшчацца новая эмблема на белых Toyota Land Cruiser -- "фірмовых" аўтамабілях Беларускага Чырвонага Крыжу?
- Ці мае дачыненне новы сімвал да "красного кристалла силы", вядомага трафея ў культавай гульні World of Warcraft ?
Карацей, жыццё чароўнае і незвычайнае поўнае розных падзей і дзівосаў. Чаго і вам зычым ад усяго сэрца!

