Медычныя семінары ў Зальцбургу

Aarenberg Schloss -- месца правядзення семінараў

Aarenberg Schloss -- месца правядзення семінараў

Навошта беларускаму лекару ангельская мова? Дзіўнае пытанне — каб мець магчымасць удзельнічаць у Зальцбургскіх семінарах па медыцыне — найбольш рэальнай на цяперашні час магчымасці вочнага атрымання сучасных медычных ведаў па розных спецыяльнасцях.

Зальцбургскія медычныя семінары — праект Адкрытага Медычнага Інстытуту, створанага пры дапамозе Амерыкана-Аўстрыйскага Фонду, Інстытуту Адкрытага Грамадства і Аўстрыйскага Міністэрства навукі і адукацыі. Кажучы проста — своеасаблівая акадэмія паслядыпломнай медычнай адукацыі фінансаваная ў тым ліку і ненавісным беларускім уладам Джорджам Сорасам. Мэту ўсяго мерапрыемства згаданы мільярдэр акрэсліў наступным чынам:

"Лекары ва ўсім Свеце, незалежна ад іх нацыянальнасці, імкнуцца як найлепей працаваць для сваіх пацыентаў. Мэта Зальцбургскіх Медычных Семінараў дапамагчы лекарам дасягнуць сваіх мэтаў праз атрыманне бясплатнай, сучаснай інфармацыі і адукацыі ў нейтральным, камфортным асяроддзі".

Самі семінары праводзяцца з 1993 году і за гэты час больш чым 10000 маладых лекараў узялі ў іх удзел. Выкладчыкамі выступаюць вядучыя спецыялісты з клінік Еўропы і ЗША. Працягласць кожнага з семінараў — 1 тыдзень. Месца правядзення — адпаведна Зальцбург (Аўстрыя). Колькасць удзельнікаў — каля 30 чалавек з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама былога Савецкага Саюзу. Прэтэндаваць на удзел могуць практыкуючыя лекары ад 30 да 45 год, так бы мовіць «у сярэдзіне» сваёй кар’еры, якія дастаткова вольна валодаюць ангельскай мовай каб слухаць лекцыі і камунікаваць з калегамі. Таксама важна прадэманстраваць здольнасць да пашырэння атрыманых ведаў у сваім асяроддзі. Сярод патрабаванняў пазначана яшчэ і наяўнасць публікацыяў у айчыннай (а лепш англамоўнай) медычнай перыёдыцы, але як паказваюць сведчанні ўдзельнікаў з Беларусі — гэта не заўжды абавязковы крытэрый. Тэматыка семінараў вельмі шырокая і ахоплівае практычнай увесь спектр сучасных медычных ведаў ад педыятрыі і тэрапіі да хірургіі і псіхіятрыі. Праграма заняткаў складзена так, што некаторыя тэмы паўтараюцца раз на год, а некаторыя — раз на 2 гады. Паглядзець што плануецца на наступны год можна тут, а пазнаёміцца з праграмай на боліжэйшыя 3 гады можна тут. Па словах калег, якія пабывалі на гэтым навучанні — заняткі карысныя, умовы камфортныя і канкурэнцыя ўнутры Беларусі пакуль не надта вялікая. Каб зарэгістравацца трэба запоўніць форму на сайце і даслаць неабходныя копіі дакументаў. Што крытычна важна для нашага небагатага, але гордага лекара — выдаткі на даезд туды і назад (з Беларусі самалётам), навучанне, пражыванне і харчаванне бярэ на сябе прымаючы бок. Ад удзельніка толькі трэба самастойна паклапаціцца пра Шэнгенскую візу. Так што, шаноўныя калегі, спрабуйце і няхай у вас атрымаецца. Тым болей, што былыя ўдзельнікі Зальцбургскіх семінараў могуць надалей прэтэндаваць на 3 стажыроўкі працягласцю 1 месяц кожная ў лепшых клініках Аўстрыі па абранай спецыяльнасці. Так што, поспехаў усім!

Рубрыкі: Блог, Навучанне і стажыроўкі для медыкаў Тэгі: , . Bookmark the спасылка. Дадаць каментар альбо пакінуць trackback:Trackback URL.

Дадаць каментар

Трэба увайсці, каб мець магчымасць каментаваць.