Днямі ў рукі патрапілася кніга вершаў Уладзімера Арлова (спраўдзіць дзе вы чулі гэтае імя можна ў Вікіпедыі) пад назвай "усё па-ранейшаму, толькі імёны зьмяніліся". Кніга сёлетняя і як для мяне, небагемнага рэаніматолага, зусім "свежая", хоць і была выпушчана ў жніўні. Неадрыўную ўвагу прыцягнулі вершы, звязаныя з нашай прафесіяй і, асабліва, "Між берагамі", створаны аўтарам у аддзяленні рэанімацыі. Усім калегам варта прачытаць, асабліва рэаніматолагам, каб хоць на хвіліну адчуць сябе не толькі "дзяжурнымі ля Пераходу", і "Воинами Сумерек", а і проста шчырымі людзьмі, здольнымі да слёз перажываць разам з бліжнім адчуванне набліжэння Бездані. Вядома, штодня так жыць нельга -- ніякага сэрца з мозгам не хопіць, але зрэдчасу можна. І тут менавіта такі выпадак, бо напісана аж да разрыву свядомасці і трымцення вантробаў.
Другі верш называецца "Я марыў стаць патолагаантамам" і з'яўляецца яскравым прыкладам Арлоўскай жыццялюбнасці і дасціпнасці. Вершы прыводзяцца паводле часопіса "Дзеяслоў", а кнігу "усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся" можна набыць тут. Вершы прыводзяцца з ласкавага дазволу аўтара.
Таксама аўтар рэкамендуе медработнікам свой твор "Мёртвыя не пацеюць", які ён акрэсліў як "Эсэ пра жыццё, смерць і спецыфічны медычны гумар". У Сеціве твор можна знайці тут. У папяровым выглядзе -- напрыклад у зборніку "Паветраны шар", які можна набыць тут.
А зараз, безумоўна, безумоўныя вершы...
Між берагамі
Ірыне
На дадзены час абанент не даступны.
Жыцьцё — наогул працэс падступны:
так, нібы тонеш ля самых буйкоў.
Сьмерць твая — невялікая страта,
проста мяняецца аператар —
і ўсё менш уваходных званкоў*.
Сяргій Жадан
кропельніца —
вясёлая клепсідра
са срэбнымі бурбалкамі
ня факт
што іх пускаеш ня ты
хвіліну таму
табе не дазвалялі нічога
нават не казалі
выніку футболу
раптам
дазволена амаль усё
нашы прадулі 0:2
сам ідзеш у WC
звоніш з мабільніка
напэўна ты
рэзка ачуняў
дынаміка адмоўная
пацьвярджае доктар
аўтограф у бланку
пра згоду на аперацыю
мае неблагія шанцы
стаць апошнім
яшчэ дзесяць хвілінаў
пасьпець напісаць
верш
ліст
запавет?
рэанімацыя —
не натарыяльная кантора
згадваеш
імёны
абліччы
жаночых прыкметна болей
котку Басоту
котку
Полацак
возера Люхава
Прагу
мора пад Барселонаю
паром праз Ла-Манш
паром
трэба распрануцца
зусім
прыйшоў на сьвет
такім самым
гэта суцяшае
хутка можаш даведацца
чаго вартыя
размовы пра той сьвет
молішся
ня хочаш
жыцьця вечнага
хочаш
таго самага цела
гутарыць зручней
калі бачыш суразмоўцу
не спыняйся
сэрца на маніторы
сутаргава ківае
плывеш
плывеш у моры
Міжземным
міжсьветным
між берагамі —
казала знаёмая паэтка
не відаць
ні паэтак
ні берагоў
мора зьліваецца з небам
ты зьліваешся з небам
памятаеш
табе трэба мора
плывеш
да берагоў
да паэтак
бераг
зялёная выцінанка
абрысы тваіх сяброў —
два дубы
ясень
вольха
недапалены маланкаю клён
недапалены
у зялёным сутоньні
сьвеціцца твар жанчыны
прывезла цябе ў шпіталь
прабілася на аперацыю
толькі крыху знаёмая
падаруеш ёй
букет ружаў
колькі кветак —
на столькі гадоў
пагадзілася сэрца
колькі?
якая зязюля накувае
у лістападзе?
голас аднекуль кажа
дваццаць сем
Я марыў стаць патолагаанатамам
калі я быў неўміручым
меў сонечную мару
стаць патолагаанатамам
нават навучыўся вымаўляць гэтае слова без памылак
патолагаанатамам
быў наш сусед дзядзя Жэня
вясёлы габрэй з сумнымі вачыма
мой найлепшы сябар дзяцінства
ён заўсёды пахнуў парфумаю
яна з дня ў дзень мянялася
струменячы сярод духменяў
смажанае цыбулі ды іншых цымусаў
водарамі язьміну бэзу канваліяў і нейкага шыпру
водары ў бутліках
рабілі на засакрэчанай дзядзіжэневай працы
куды не пускалі дзяцей
калі я зрабіўся сьмяротным і
спасьціг таемную сутнасьць
запаветнай дзіцячае мары
дзядзя Жэня раскрыў мне колькі важных сакрэтаў
свайго патрэбнага людзям занятку
я даведаўся што
за дзьвярыма трупярні жыцьцё не канчаецца
некаторыя паміраюць толькі там
ад ускрыцьця
некаторыя ад ускрыцьця ўваскрасаюць
другіх болей
таму ўсім рэкамендавана запісацца
на прыём да патолагаанатама
каб ня здарылася як з Гогалем
што ўваскрэс на пару метраў ніжэй чым трэба
рабі высновы сказаў дзядзя Жэня
ад’язджаючы на гістарычную радзіму
(што ні кажыце прыемней мець справу з суайчыньнікамі)
вакантную пасаду заняў дзядзя Грыша
сумны габрэй з вясёлымі вачыма
які пацьвердзіў што
жыцьцё доўжыцца і ў ягоных уладаньнях
за абабітымі бляхай дзьвярыма
негаваркія насельнікі
радыя ўсім наведнікам
жывым і такім як самі
апошнім — болей бо
іх зьяўленьне надае астатнім аптымізму
нядаўна прыехала парачка
што кахалася ў гаражы з заведзеным маторам і
мясцовая публіка адразу павесялела
дзядзя Грыша вадзіў мяне на экскурсію
ўражаньні самыя сьветлыя
паміж ягонымі пацыентамі
бываюць нават раманы бо
мужчыны і там цэняць жаночае хараство
а жанчыны — мужчынскую сьмеласьць
і зусім не фрыгідныя
бачыш — паказаў дзядзя Грыша — за ноч
прафесар пасунуўся бліжэй да студэнткі
я пераканаўся што
ў трупярні таксама можна жыць
асабліва як выжлукціш з гаспадаром
літровую пляшку віскі
калі я стаў пісьменьнікам
дзядзя Грыша зьехаў на гістарычную радзіму
(што ні кажыце прыемней мець справу з суайчыньнікамі)
вакантную пасаду заняў спадар Мікола
(сярод суайчыньнікаў ён мае сантымент да беларускамоўных)
нашчадак роду Дарагастайскіх
яны працавалі полацкімі ваяводамі
надворнымі маршалкамі
стольнікамі літоўскімі
а цяпер зарабляюць на хлеб патолагаанатамамі
крыху выпіваючы з дапытлівымі літаратарамі
што любяць забаўныя гісторыі й сюжэты
да прыкладу адзін зарэзаны бандзюган
уваскрэс уначы акурат напярэдадні Вялікадня
знайшоў на стале ў санітараў карты
ды пасадзіў рахманых суседзяў гуляць у тысячу
або прыехаў сваяк
а можа і сам забойца забітага
дае спадару Міколу 100 баксаў з мабільнікам
ды просіць мудак
перад ускрыцьцём прывязаць мабільнік нябожчыку да рукі
наогул цяпер нярэдка перад хаўтурамі
кладуць наўцу ў кішэню тэлефон з перадаплатай
каб у выпадку чаго пазваніў ці паслаў sms
невядома яшчэ ці кінуцца гэтыя мудакі
каго-небудзь адкопваць
мо проста хочуць пераканацца што
ўсё зроблена як мае быць і
жывы нябожчык не ўзбаламуціць вяртаньнем
набыты пасьля яго сыходу спакой
я пакуль ня вырашыў
ці браць з сабой мабілу
але дакладна ведаю што
калі за мною зачыняцца
абабітыя бляхаю дзьверы
буду не самотны
ды яшчэ атрымаю ўзнагароду
у выглядзе сустрэчы з увасабленьнем
сваёй сонечнай мары
