Некаторых з нас у школе вучылі, што "в жизни всегда есть место подвигу". Ну калі не подзвігу, то, прынамсі, смеламу ўчынку. Чарговае пацверджанне гэтаму прыйшло сёння. Партал nn.by паведаміў пра тое што кіраўніцтва Баранавіцкай міліцыі ўзнагародзіла Ганаровай граматай і грашовай прэміяй лекара мясцовага анкадыспансера Сяргея Малікава. Доктар вызначыўся тым, што затрымаў аднаго з двух злодзеяў, што імкнуліся пранікнуць да яго ў хату. Гэты выпадак стварыў нагоду ўзгадаць іншага калегу — рэаніматолага РНПЦ "Маці і дзіця»" Максіма Бойдака, які за падобны ўчынак граматы не здабыў.
Але спачатку пра Баранавічы. Як піша "Наша Ніва": "гераічны учынак 29-гадовы доктар анкалагічнага дыспансера з Баранавічаў здзейсніў 13 лістапада. "Калі я ўбачыў, што ў маю кватэру ўваходзяць двое незнаёмцаў, якія абудзілі мяне настойлівымі званкамі ў дзверы, я быў настолькі злы, што не задумваючыся пабег за імі, калі яны кінуліся на лесвічную пляцоўку. Як быў — у трусах і басанож — так і пабег", — распавёў лекар". У выніку адзін са злодзеяў быў затрыманы доктарам, а другі — трохі пазней міліцыяй. Высветлілася, што гэтыя двое — "гастралёры" з Ліды і за дзень да затрымання спрабавалі абрабаваць яшчэ адну кватэру, але былі кімсьці спалоханыя. У выніку смелы доктар атрымаў грамату і прэмію, а злодзеі атрымаюць нешта ад суда.
У мінскім выпадку сітуацыя выглядала яшчэ круцей, адно што адбылася 2 гады таму. Доктар Бойдак ішоў у кватэру сваіх знаёмых у Фрунзенскім раёне сталіцы. Падняўшыся на ліфце на паверх і ўвайшоўшы ў перадкватэрны тамбур, ён убачыў, што дзверы патрэбнай яму кватэры адчыненыя. Пачуўшы нейкае варушэнне на паверсе ніжэй, Максім рынуўся па лесвіцы ўніз. Урэшце яму ўдалося затрымаць аднаго з трох удзельнікаў злачынства. Астатніх двух у хуткім часе знайшла міліцыя. Апынулася, што гэтая група здзейсніла агулам каля 30 кватэрных крадзяжоў. У выніку доктар Бойдак атрымаў маральнае задавальненне, ягоныя знаёмыя — скрадзеныя рэчы, а следчыя, магчыма, прэміі. Паступіць як баранавіцкія калегі сталічныя праваахоўнікі не палічылі патрэбным. Ну і ладна — у сітуацыі калі праца ў беларускай медыцыне па ўзроўні аплаты хутчэй нагадвае дабрачыннасць і валанцёрства, беларускім лекарам не прывыкаць. Ды, зрэшты, і з маральнымі "узнагародамі" з кожным месяцам усё цяжэй. Складаецца ўражанне, што наша насельніцтва хутка ўшчэнт згубіць павагу да нашай прафесіі і канчаткова пяройдзе на язык скаргаў і "наездаў" у зносінах з дактарамі. Што і зразумела — у сістэме дзе міліцыянер непараўнальна вышэй за лекара па іншаму быць і не можа. У гэтым сэнсе цікавая навіна прыйшла з прастораў "дзікакапіталістычнай" Украіны. Днямі тамтэйшы аналітычна-палітычны глянцавы часопіс "Фокус" надрукаваў матэрыял пад назвай "50 выдающихся врачей Украины. Версия Фокуса". Матэрыял пачынаецца словамі: "В Украине нет медицины, но есть врачи". У нас жа глыбока наадварот — медыцына быццам бы ёсць — пастаянна пішуць пра рамонт бальніц, новае абсталяванне і сучасныя аперацыі, а "врачей нет". Прынамсі ў тым сэнсе, што не гучаць яны прызнанымі зоркамі і аўтарытэтамі з тэлеэкранаў і газетных палос. І нават у прафесійнай супольнасці веды пра супер-спецыялістаў у сваёй справе часта не выходзяць за межы спецыяльнасці. Але што не перастае радаваць, дык гэта наяўнасць у нашых шэрагах людзей знаёмствам з якімі можна ганарыцца.


