16 снежня ў менскай галерэі «Ў» адбыўся круглы стол, прысвечаны пытанням асвятлення эпідэміі рэспіраторных інфекцый, першая хваля якой адступіла з Беларусі. Ідэя правядзення сустрэчы была інспіравана ўнікальнай для нашай краіны сітуацыяй, калі падрабязнасці эпідэміі насельніцтва даведвалася не ад МЗРБ, а непасрэдна ад лекараў, якія пісалі лісты ў СМІ, ці змяшчалі пасты ў сваіх блогах, вытрымкі з якіх перадрукоўвалі газеты і перазмяшчалі сайты. Супрацоўніцтва задаволіла не цалкам — шмат хто з калег прад’яўляў прэтэнзіі да мас-медыя ў неакуратнасці падачы матэрыялу, адсутнасці спасылак на крыніцы інфармацыі, ды інш. Каб прадухіліць магчымыя далейшыя памылкі і недакладнасці, і ўзнікла ідэя правядзення гэтай сустрэчы.
Адразу адзначу, што імпрэза была калі не ўдалай, то прынамсі карыснай для абодвух бакоў. З боку медработнікаў у ёй удзельнічалі Мікалай Шаўлоў — асістэнт кафедры інфекцыйных хваробаў, аўтар вядомага ліста ў газету «Народная Воля», Андрэй В. — рэаніматолаг аднаго з менскіх шпіталёў, адміністратар Doktar.by, а таксама Вольга (aka bibola), якая прадстаўляла сайт Канстаніца Талстаногава. Журналісты былі больш масавымі — усяго 8 прадстаўнікоў розных СМІ ад інфармацыйных агенцтваў ад радыё і TV. Безумоўна, лекараў было запрошана болей, але па розных прычынах (у тым ліку і самых аб’ектыўных) калегі быць не здолелі. Не буду хаваць, што многія мінскія таварышы, якія яшчэ нядаўна былі гатовыя браць штурмам Мінздраў, адмовіліся ад удзелу, патлумачыўшы нежаданнем «свяціцца». Крый Божа каму падумаць пра тое, што хачу кагосьці ў чымсьці абвінаваціць — зусім не. Проста такія зараз жыццёвыя рэаліі, якія можна не прымаць, але трэба мець на ўвазе.
Што ж хацелі данесці лекары да журналістаў? Вельмі простую думку, пра тое, што апошнім трэба быць акуратней у асвятленні медычных пытанняў, таму што спецыфіка работы таго ж рэаніматолага такая, што з простай інтубацыі трахеі можна зрабіць сапраўдны трылер. Удзельнікі адзначалі, што па прачытанні публікацыяў у прэсе складалася ўражанне, што на двары эпідэмія чумы ў сярэднявечны час, ад якой няма паратунку, пра што сведчылі загалоўкі кшталту «Таких пневмоний ещё не было» альбо «Шансов выжить от свиного гриппа у пациентов немного». Безумоўна, казалася пра факты журналісцкай некарэктнасці, калі не падаваліся спасылкі на крыніцы інфармацыі ці факты вымаліся з кантэксту і дапускаліся іх вольныя інтэрпрэтацыі, замест таго каб звярнуцца па каментар да спецыялістаў. Той жа Мікалай Шаўлоў падцвердзіў, што пасля абнародавання ягонага ліста ў «Народнай Волі» ніхто з прадстаўнікоў мас-медыя да яго не звяртаўся, хаця ягоныя кантакты і проста было знайсці ў інфармацыйнай прасторы. Зрэшты, як і да Канстанціна Талстаногава (вось ужо хто не хаваецца ад Свету). І гэта пры тым, што з ягонага блогу перадрукоўвалі знакаміты пост evtanazer’a — значыцца ведаюць і чытаюць. Меркаванне Канстанціна па тэме круглага стала можна пачытаць на нашым сайце.
Канцэнтравана і як заўжды чытабельна выразіў сваё думкі на тэму калега, вядомы ў Сеціве, як Dr. Krizis. Дазволім сабе прывесці на мове арыгіналу:
… «СБ» пишет правду, в той позиции, что у нас «ХОРОШО», а оппозиционная пресса тоже пишет правду, в той позиции, что у нас «ПЛОХО». Они смотрят на Беларусь под разными углами.
Каждое печатное издание имеет хозяина. И кто заказывает музыку, тот и платит. Тут все понятно. Поэтому журналисты, люди подневольные, выражают мнение редакции. И думаю — верх профессионализма писать заказные статьи, не считая, так как пишешь. Но в основном, думаю, профессиональный отбор проходит по такому принципу. Те, кто думают как «СБ», там и работают, а кто думает не так как «СБ», оттуда уходят (их уходят) и они попадают в «НВ». Так происходит естественный отбор.
Но ВСЕ они получают гонорары, зарплаты, бонусы. Одни за СВОИ МЫСЛИ, другие за СВОЮ ПИСАНИНУ.
Склалася ўражанне, што журналісты былі не зусім гатовыя да гэтых пытанняў, таму пачатак сустрэчы быў прасякнуты атмасферай лёгкага негатывізму. Але паступова пачалі выказвацца і сітуацыя паправілася. Прадказальна аказалася, што працаваць было нялёгка ўсім — і лекарам і журналістам. Па словах апошніх, афіцыйнай інфармацыі практычна не было і нават тыя кроплі даводзілася «выціскаць» з боем. Многа гаварылася пра чыноўнікаў МЗРБ — пра тое як яны былі вечна недаступныя па тэлефонах, не адказвалі на наўпроставыя пытанні на нешматлікіх прэс-канферэнцыях, і «блыталіся» у паказаннях, распавядаючы пра ўзровень захворваемасці. Дасталася таксама і іхнім злосным сакратаркам, а таксама «некурабельнай» прэс-службе міністэрства, на якую ўсіх скіроўвалі і якая адпаведна ўсіх пасылала, а таксама простым лекарам з якіх немагчыма было выцягнуць ні слова ні перад дыктафонам, ні тым больш перад камерай. Пагаварылі пра тое, што такое «інфармацыйная нагода», пра важнасць спасылак на рэальных асобаў (так больш даверу да напісанага) і пра права журналіста ўражвацца і эмацыйна распавядаць пра тое, чым уразіўся. Як сродак ад магчымых неадкладнасцяў падачы матэрыялу прадстаўнікі друкаваных СМІ прапанавалі патрабаваць прачытання інфармацыі перад друкам. Усе прызналі, што вельмі бракавала інфармацыі пра сітуацыю ва ўсёй краіне, што спараджала атмасферу стрэсу, якая паспрыяла такой форме падачы матэрыялу.
Вельмі цікава і канструктыўна выступіў госць імпрэзы — вядомы грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка. У якасці добрага прыклада супрацоўніцтва паміж лекарамі і СМІ ён прывёў Мазыр, дзе служыць ў войску ягоны сын, які разам з многімі саслужыўцамі нядаўна ляжаў мясцовым шпіталі з клінікай рэспіраторнай інфекцыі. Сп. Вінцук распавёў пра тое, што мясцовая раёнка апублікавала вельмі ўзважаны матэрыял пра эпідсітуацыю ў горадзе, з лічбамі, фактамі і падрабязным апісаннем таго, якія меры прымаюцца лекарамі і што трэба рабіць насельніцтву каб не заразіцца і хутчэй акрыяць. Антыпрыкладам выступіў адзін з нацыянальных тэлеканалаў, які ў той жа самы час, замест нармальнага асвятлення сітуацыі «разразіўся» сюжэтам пра несумленных блогераў, якія нагнятаюць паніку фантастычнымі расповедамі пра тое што Мазыр спаралізаваны эпідэміяй лёгачнай чумы.
Пасля таго як выказаліся — стала лягчэй і прыемней. Спадзяюся пачулі адзін аднога. Напрыканцы абмяняліся кантактамі і дамовіліся пра магчымасць быць на сувязі. Жыццё пакажа, ці будзе так.
Пачытаць пра круглы стол можна таксама тут (найбольш поўная версія аб падзеі -- нататкі Вольгі (aka bibola)) ці тут (Радыё Свабода плюс фота), а таксама тут (сайт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў плюс фота і відэа).
